epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Другое дно

Няпісаны закон

жыве між нас адвеку,

Што ёсць такі закон,

у сведкі клічу неба.

Ён асабліва сёння

вядомы чалавеку:

Каму не трэба мы —

і тыя нам не трэба.

 

Што можа горшым быць?

Замкнулася тут кола.

У кожнага ў душы —

у гонар «я» малебен

Ўзаеманепатрэбных,

хоць пруд прудзі, наўкола,

Бо кожны толькі сам

сабе ў жыцці патрэбен.

 

Хвароба ўсіх хвароб —

сцвярджаю я адказна,

Пануе сярод нас,

карае ўсіх сурова.

У творчае сям’і

відаць найбольш выразна

Ўзаеманепатрэбнасць,

а гэта — тупіковасць.

 

Не дапамогуць нам

ні штучныя старанні,

Не пабратаюць нас,

разрозненых, гады.

А што каб адмяніць

ўсе прэміі і званні,

Магчыма, гэта б нас

палепшыла тады.

 

Балюча назіраць

за сціснутымі намі,

Дыягназ, ён адзін —

адзін на ўсіх даўно:

У кожнага ёсць свой

запазухаю камень,

На жаль, нямала душ,

дзе ёсць другое дно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.