epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Другое «я»

Янка ў сваім класе быў для ўсіх прыкладам. І вучыўся на «выдатна», і ў самадзейнасці ўдзельнічаў, і грамадскае жыццё класа і школы цікавіла яго.

Вырашаючы спрэчныя пытанні, заўсёды праяўляў прынцыповасць і мог сказаць нават самую горкую праўду ў вочы лепшаму сябру.

Але ў трэцім класе ён пачаў заўважаць у сваіх паводзінах, у сваіх учынках непрыемныя перамены. Быццам у ім пасяліўся другі чалавек — другі Янка. І самай вялікай непрыемнасцю было тое, што ранейшы станоўчы, прынцыповы Янка, пачаў падпарадкавацца свайму нябачнаму двайніку.

Цяпер першы Янка на класным сходзе толькі раскрываў рот, каб пакрытыкаваць прагульшчыкаў ды двоечнікаў, як другі ўнутраны голас нашэптваў яму сваё. І тады прынцыповы Янка, на здзіўленне ўсім, казаў:

— Ну, прагулялі яны...Ну, адзнакі ў іх благія... Што гэта, канец свету? Даруем ім.

Ці не таму ён так «прынцыпова» заступаўся за гультаёў і парушальнікаў школьных парадкаў, што сам пачаў паціху адлыньваць ад вучобы? Магчыма, і захвалілі яго, чым кінулі ў душу семя зазнайства.. Ды душа душой, а Янка розумам заўважаў, што з ім адбываецца штосьці недарэчнае, бо і аднакласнікі, і вяскоўцы пачалі адварочвацца ад яго.

Ён прыкладаў усе намаганні, каб адолець сваё другое «я», але яно ўпарцілася і прымушала хлопчыка маніць, хітрыць і лындзіць.

Каб пазбавіць сябе ад гэтай вымотваючай унутранай барацьбы з самім сабой, Янка адны вечарам, уціхую ад чужых вачэй, падаўся да хаты, якая прытаілася на ўскраі вёскі і ў якой жыў адзінокі стары дзед. Хтосьці называў яго чарадзеем, нехта шэптам казаў, што ён вядзьмак — і хату таго дзеда стараліся абыходзіць усе.

Боязна было Янку, але ён перасіліў свой страх і адчыніў дзверы да таямнічага старога.

У хаце панаваў прыцемак, але гаспадар быў у белай вопратцы, магчыма, нават у сподняй бялізне, меў доўгую сівую бараду, таму хлопчык убачыў яго на лаве ля акна.

Янка хацеў прывітацца, але ад напругі і хвалявання, язык не паслухаўся яго, і хлопчык моўчкі працягваў пераступаць з нагі на нагу.

— Заходзь, саколік,— пачуў Янка ціхі і мяккі голас старога.

Янка няўпэўнена зрабіў некалькі крокаў і зноў стаў.

— Я да вас, дзядуля,— дрыготкім голасам абвясціў хлопчык.

— Вось таму і праходзь! — паўтарыў запрашэнне дзед.— Праходзь і сядай,— і паказаў на табурэтку насупраць сябе.

Янка баязліва сеў на табурэтку і сціснуўся ў камячок.

— Якія ж справы цябе прывялі да мяне, саколік? — ласкава спытаўся стары, і Янка адчуў, як страх яго кудысьці знік. Ды і дзед падаўся яму ветлівым і спагадлівым.

Янка падрабязна расказаў пра свае нягоды апошняга часу, прызнаўся ў сваёй слабасці і няўпэўненасці, а ў канцы скрозь слёзы папрасіў:

— Дапамажыце, дзядуля!

Дзед доўга маўчаў, відаць, асэнсоўваючы чутае, затым сказаў:

— Тое, што ты прызнаўся ў сваёй слабасці — ужо не слабасць, а твая мужнасць... Але што б ты хацеў, якое ратаванне?

— Я хачу пазбавіцца ад таго другога сябе, які псуе мне жыццё.

— Пазбавіцца? — перапытаў дзед,— Пазбавіцца ты можаш двума шляхамі: перамагчы яго...сябе ў сабе ці...

І дзед змоўк.

— Ці што? — напружана спытаў Янка.

— Ведаеш, саколік, мне не хочацца называць другі варыянт, бо першы, на маё разуменне, больш правільны. Але, калі ты настойваеш, я магу прапанаваць увогуле адрынуць тваё другое «я» ад цябе. Ты будзеш жыць сам па сабе, а той, другі ты — будзе існаваць самастойна, незалежна ад цябе. Ну, што ты выбіраеш?

Янка, не вагаючыся, ускочыў з табурэткі:

— Другі! Другі варыянт!

— Няхай так і будзе, саколік,— і дзед устаў з лавы, даючы зразумець хлопчыку, што размова закончана.

Янка падзякаваў, развітаўся з дзедам, які зусім не быў падобны на ведзьмака і з палёгкай пакрочыў дамоў.

Але палёгка хутка мінула, бо хлопчык не разумеў, а што ж далей? Дзед нагаварыць нагаварыў усякага ўсяго, але ж нічога не зрабіў, нават ніякіх лекаў не прапісаў.

Назаўтра Янка, як заўсёды, раніцай бадзёра пабег у школу. Настрой — выдатны, урокі былі вывучаны «на зубок», яго, як і раней цікавіла жыццё класа і ўвогуле жыццё.

І настаўнікі, і вучні заўважылі станоўчыя перамены ў колішнім выдатніку — і верылася, што ўсё будзе па-ранейшаму, самым лепшым чынам.

Ды і сам Янка адчуў, што той непрыемны ўнутраны голас сціх, што ў душы светла, на сэрцы лёгка.

Але, вяртаючыся са школы дамоў у гэты ж дзень, Янка пачуў, як хтосьці яго гукнуў. Хлопчык азірнуўся і ледзь не самлеў — за ім стаяў ён сам, Янка.

Сапраўдны Янка ліхаманкава выкрыкнуў:

— Ты хто?!

— Я? Ха-ха-ха! — зарагатаў нечакана двайнік,— Я — ты! Я той, каго ты выгнаў з сябе! Ды ты мне цяпер зусім не трэба! Я — самастойны, што хачу, тое і раблю.

— І ты мне не трэба! — злосна адгукнуўся Янка.— Прэч адсюль! Прэч назаўсёды!

— Не хвалюйся! — зноў зарагатала другое Янкава «я»,— Больш ты мяне не ўбачыш, хаця чуць пра мяне табе давядзецца часцяком.

І Янкаў двайнік растаў у паветры, быццам яго і не было тут.

Настрой у хлопчыка быў сапсаваны, бо ён нават падумаць не мог, што такое магчыма, што ён, Янка, раздваіцца вось так відавочна. Гэта яму не падабалася, але надзея, што двайнік больш не сустрэнецца, падняла настрой.

Прайшло некалькі дзён, поўных цікавага для Янкі школьнага і пазашкольнага жыцця.

У школе ладзілася вечарына пад агульнай тэмай: «Мая Радзіма — Беларусь». Ад кожнага класа, пачынаючы з першага і да адзінаццатага, рыхтаваўся выступіць толькі адзін вучань і па выніках выступленняў пераможцаў чакалі тры першых месцы.

Тэма была цікавая і давала магчымасць кожнаму выступоўцу праявіць сваю любоў да Радзімы і веданне гісторыі роднага краю.

Ад трэцяга класа рыхтаваўся выступіць Янка, якому прадказвалі першае месца. Але ў дзень правядзення вечарыны Янка нечакана захварэў, аб чым патэлефанаваў у школу. Пачалі тэрмінова шукаць новага выступоўцу ад трэцяга класа. Зрабіць гэта было не складана, бо кожны, хто нарадзіўся і жыве ў Беларусі, шмат цікавага можа распавесці і пра сваю Радзіму.

І вось перад самым пачаткам урачыстасці, у школе з’явіўся Янка. Усе, хто ведаў пра яго захворванне, кінуліся да яго:

— Як тваё адчуванне? Навошта ж ты рызыкуеш сваім здароўем? Ты — сапраўдны патрыёт! — а потым пацікавіліся: — Будзеш выступаць ці не?

— Дзеля гэтага я тут! — нядбайна адказаў Янка,— Вы тут усе, у параўнанні са мной, слабакі.

Настаўнікі і вучні разгублена пераглянуліся, але рабіць вынікі з пачутага не было калі, бо аб’явілі першага выступоўца, як і належыць, ад першага класа.

Янка выступаў трэцім. Расхрыстаўшы пінжак, раскудлаціўшы валасы і запхнуўшы рукі ў кішэні штаноў, ён, здавалася, выплёўваў словы праз губу:

— Гісторыя Беларусі, ды будзе вам вядома, гэта — гісторыя, а не геаграфія, тым больш, не фізкультура. Мая Радзіма — Беларусь таму мая, што я ў ёй жыву і лічуся лепшым вучнем трэцяга класа...

Ён, магчыма, і далей плёў бы языком усякую лухту, але на сцэну выбегла збянтэжаная настаўніца і звярнулася да прысутных:

— Прабачце, шаноўныя! Янка ўстаў з пасцелі хворы, у яго гарачка, тэмпература. Ён не разумее, што гаворыць.

— Я больш за цябе разумею! — перайшоў на «ты» Янка, дакладней, не сапраўдны Янка, а яго другое, самастойнае «я». Давялося сілком сцягнуць са сцэны «лепшага вучня» трэцяга класа.

Вечарына працягвалася, але настрой ва ўсіх быў сапсаваны, не кажучы пра тое, што трэці клас заняў апошняе месца.

Калі сапраўдны Янка праз два дні з’явіўся ў школе, яго абступілі аднакласнікі і даволі холадна папракалі:

— Лепш бы ты не ўставаў з пасцелі і не выступаў на вечарыне ад імя нашага класа. Ты такое гарадзіў са сцэны, што ў нас вушы гарэлі ад сораму.

— Да вы што? — пратэставаў Янка,— Я не быў у школе і не выступаў!

— Манюка! —зашыкалі на яго вучні,— Ды ты яшчэ, у дадатак да ўсяго і манюка. Хоць бы пачырванеў!

Толькі цяпер Янка здагадаўся і пахаладзеў: выступаў у школе яго двайнік. Вось чаму ён тады са здзекам сказаў: «Чуць пра мяне давядзецца часцяком...»!

«Дык я не пазбавіўся ад яго! — жахнуўся хлопчык,— Я наадварот, нажыў сабе такога каварнага і непрадказальнага ворага...!»

Дома Янку чакала новая непрыемнасць.

— А, вярнуўся! Тваё шчасце, што бацькі не было дома, ён табе ўсыпаў бы на арэхі! — запрычытала маці,— І адкуль у цябе такая дзёрзкасць, Янка?

Хлопчык лыпаў поўнымі слёз вачыма. Ён зразумеў, што яго двайнік і дома штосьці натварыў.

— Што, мама? Што адбылося?

— Ты яшчэ пытаешся, што адбылося! Ты ж некалькі хвілін таму, як бура, уляцеў у хату, я спыталася:— Што здарылася? Што, у школе непрыемнасці? А ты што мне адказаў? Ты закрычаў: — Дык чхаў я на вашу школу і на вас усіх! Надакучылі вы мне да чорцікаў, абыдуся і без вас! — пасля чаго выбег з хаты! Вось ты праз некалькі хвілін вяртаешся і робіш выгляд, што нічога не здарылася.

— Мама! Мамачка! — узмаліўся Янка,— Гэта быў не я!

Маці спалохана глянула на сына:

— Яначка, ты здаровы?.. Як жа «быў не я?» Ці ж я ўжо свайго сына пазнаваць перастала?

Янка зноў даўся ў дзверы і, не хаваючыся ад чужых вачэй, з усяе сілы пабег да сівога дзеда.

— Дзядуля, дарагі, родны, што мне рабіць? Маё другое «я» злыднічае, паскуднічае ад майго імя. Яно хутка перапсуе ўсё маё жыццё. Нават мама...

— Хопіць! — перапыніў дзед Янку. Памятаеш, я прапаноўваў табе два варыянты вырашэння тваёй праблемы? Я засяроджваў тваю ўвагу на першым...

— Помню,— апусціў галаву хлопчык.

— Дык вось, даражэнькі, свайму другому «я» нельга патрафляць і дазваляць выходзіць з-пад кантролю. Тым больш, нельга даваць яму волю! Не ты першы, Янка, выпусціў свайго двайніка ў самастойнае існаванне. Шмат іх, двайнікоў, гуляе па свеце, ганьбячы сваіх сапраўдных і годных гаспадароў.

— Што ж цяпер рабіць? Як мне жыць далей? — прашаптаў хлопчык.

— Змагацца з ім трэба і перамагчы сваё другое свавольнае «я» — рашуча параіў дзед.

— А як жа мне з ім змагацца, калі яно мяне пазбягае?

— Дык вось, саколік, цяпер, пасля нашай гутаркі, я адкрыю табе сакрэт: ты да мяне ўжо прыходзіў учора.

— Я ў вас не быў! — падскочыў Янка.

— Паспрабуй вас распазнаць, хто з вас быў, хто не быў, калі вы, як дзве кроплі вады,— усміхнуўся дзед,— А вось, выслухаўшы вас абодвух, я зразумеў, што сапраўдны Янка ўсё ж ты. Той, які быў учора, прасіў дапамагчы знішчыць цябе ўвогуле, каб без перашкодаў існаваць аднаму. Ён так і сказаў «існаваць». Сапраўдны жывы чалавек прагне жыць, а не існаваць. Я паабяцаў яму дапамагчы, таму заўтра ён зноў будзе тут.

— А як жа яго злавіць, дзядуля? Ён жа імгненна знікае, растае ў паветры.

Дзед супакоіў:

— Ты — яго паветра. Ты — адзінае «я», і сваё, і яго. Ён, твой двайнік, не разумее, што існаваць без сапраўднага Янкі не здольны, што ў яго адна дарога — туды, адкуль з’явіўся.

— А як жа яго злавіць? — паўтарыў сваё пытанне Янка.

— Дык вось,— пацягваў дзед,— прыйдзі заўтра да мяне раней і схавайся вунь туды, за печ. Як толькі сярод маёй з ім размовы пачуеш пытанне: —Запытаць чарга мая — ты чыё другое «я»?, хуценька стань перад сваім двайніком. Ён міжволі павінен паказаць на цябе і адказаць:— «Яго!» Ты, зноў жа хуценька загадай: «Марш на месца!» — астатняе ўбачыш сам.

Назаўтра сапраўдны Янка, як мыш, затаіўся за дзедавай печчу і напружана чакаў сустрэчы з сваім другім «я».

І вось адчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў хлопчык, якога нельга было адрозніць ад таго, хто сядзеў за печчу.

— Здарова, дзед! — прывітаўся ён,— Я зноў прыйшоў да цябе за дапамогай.

— І што ж ты хочаш? — спытаўся стары.

— Я ж табе ўжо мінулым разам казаў.— выказаў сваё нецярпенне гэты хлопчык.

— А я стары, я забыўся. Паўтары! Язык не адломіцца.

— Ну, старэча, ты мяне нервуеш! Я ў цябе пытаўся тады і зноў пытаюся, як знішчыць таго, другога Янку? Як?

Дзед ўзвысіў голас, каб Янка за печчу зразумеў, што надыйшоў яго час і зычна прамовіў:

— Запытаць чарга мая — ты чыё другое «я»?

Сапраўдны Янка спрытна выскачыў з-за печы і стаў перад сваім двайніком. Той не паспеў і вокам міргнуць, як з яго вуснаў сарвалася: «Яго!»

— Марш на месца! — крыкнуў Янка свайму другому «я», і абрыс хлопчыка-двайніка загойдаўся ў паветры, наблізіўся да Янкі і растаў у ім.

Сапраўдны...не, цяпер ужо адзіны Янка, ад здзіўлення не мог варухнуцца.

— Ну вось,— пачуўся голас дзеда,— справа зроблена... Зроблена, ды не завершана. А завяршаць яе будзеш ужо толькі ты, Яначка. Завяршаць будзеш на працягу ўсяго свайго жыцця. Галоўнае, заўсёды памятай, што другое «я», на тое яно і другое, каб са сваімі спакусамі і непрыстойнымі памкненнямі, падпарадкоўвацца табе, адзінаму гаспадару свайго жыцця. Забудзешся на гэта, дасі паслабленне свайму другому «я», якое ніколі не спіць, і зноў нажывеш непрыемнасці.

Янка страпянуўся:

— Ой, дзядуля, дзякуй вам! Цяпер я ведаю, як мне жыць далей!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.