epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дуб-дзядуля

Я шчакой да дуба, як да вечнасці —

Колькі ж ён вякоў свой крыж нясе?

Колькі ён пабачыў чалавечнасці,

І крыві, і нашай недарэчнасці,

І ўсяго, чым хворыя мы ўсе.

 

Дуб-дзядуля — голле між аблокамі.

Не хіснецца, нібы бачыць сон...

Мераў шлях да нас гадамі-крокамі —

Дзякуй, што дажыў да нашых дзён.

 

Быў Лявіцкім слаўлены і ўхвалены,

Ды, відаць у вас — адзіны лёс:

Ты цяпер, сучаснасцю паранены,

Ён тады цягнуў нядолі воз.

 

Да цябе мая шчака прытулена —

Пэўна, так рабіў Ядвігін Ш.

І тады была не раз расчулена

Ля цябе ягоная душа.

 

Заглядзеўся ў неба ты бяздоннае.

Дуб-дзядуля! — хочацца гукаць...

Моц такая — ды безабаронная,

З чэрствасцю людскою абручоная,

Прыгажосць — якую пашукаць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.