epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дудачка

Рытм горада — няспынны, руплівы, бяссонны. Здаецца, што ўсе кудысьці спяшаюцца, нервуюцца, спазняюцца. Але па-іншаму горад жыць не можа. Усё і ўсе падпарадкоўваюцца, гадамі адладжанаму жыццю сучаснага горада. Шматлікія машыны, аўтобусы, метро, толькі падкрэсліваюць гэты імклівы рытм.

Анатоль, вучань другога класа, таксама штодня спяшаўся — то ў школу, то на заняткі ў кружок пачынаючых вынаходнікаў, то ў кіно, не задумваючыся, што і сам з’яўляецца маленькай часцінкай вялікага арганізму пад назвай — горад.

Бадай, упершыню ён адчуў вакол сябе гэты напружаны рытм жыцця, убачыўшы на шматлюдным тратуары старэнькую бабульку з кійком у руцэ. Яна відавочна вылучалася сваёй вымушанай няспешнасцю з гэтай чалавеча-тэхнічнай мешаніны.

Анатоль спыніўся ля светлафора, каб перайсці на другі бок вуліцы, і заўважыў, што і бабуля плануе таксама перайсці дарогу. Але, пакуль яна збіралася ступіць на праезджую частку, зялёнае святло светлафора мянялася на чырвоны колер, папярэджваючы пешаходаў пра тое, што машыны пачынаюць рух.

І хоць Анатоль мог спазніца ў школу, яму стала шкада бабулю, ён падыйшоў да яе і ветліва прапанаваў:

— Давайце я вам дапамагу. Трымайцеся за маю руку і па-магчымасці, не адставайце ад мяне. Вось так... Вось і добра... Вось мы і перайшлі.

Хлопчык, перавёўшы старую праз вуліцу, крутнуўся ў бок школы і перайшоў на подбег.

— Пачакай, галубок! — пачуў Анатоль за сваёй спінай.— Пастой, залаценькі!

Ён падумаў, што патрэбна яшчэ якая-небудзь дапамога старому чалавеку, таму спыніўся.

— Вось, галубок, табе за тваё добрае сэрца падарунак. Ён навучыць цябе шмат чаму, не горш, чым школа,— і старая працягнула хлопчыку зусім просценькую з выгляду дудачку.

Анатоль, не маючы часу разглядаць свой падарунак, запіхнуў дудачку ў партфель, кінуў на хаду кароткае: «Дзякуй!», і цяпер ужо не азіраючыся, пабег у школу.

Прайшло некалькі дзён напоўненых для хлопчыка рытмам яго клопатаў і забаў. Ён забыўся на тую бабулю: падумаеш, дапамог старому чалавеку перайсці вуліцу. Што тут асаблівага?

Але аднойчы, дастаючы з партфеля падручнік, выцягнуў і дудачку, якая ўпала на падлогу. Гэта адбылося ў класе на перапынку між урокамі. Зазваніў званок і ўсе дружна і шумна ўселіся на свае месцы. Анатоль падняў дудачку і пачаў разглядаць яе — нічога асаблівага. Адна скразная дзірачка і ўсё... Прыкладна з такіх трубачак вучні «страляюць» на ўроках адзін у аднаго. Перажоўваюць кавалачак паперы, запіхваюць мокры камячок у трубачку, прыцэльваюццца і — моцна дзьмуць. Камячок вылятае, як куля, і шлёпаецца некаму ў патыліцу ці вуха. Весела!

Анатоль хацеў выпрабаваць сваю новую «зброю» і ўжо адарваў кавалачак паперы, каб пажаваць, потым перадумаў, і проста ціхенька падзьмуў у дудачку.

Якое ж было яго здзіўленне, калі перад ім, на праходзе між партамі, з’явіўся незнаёмец, апрануты ва ўсё белае.

— Што загадаеш, Анатоль? — спытаўся ён.

Хлопчык разгубіўся, нават напалохаўся. Незнаёмец заўважыў гэта і супакоіў яго:

— Не хвалюйся, мяне, акрамя цябе, ніхто не бачыць і не чуе. Дык для чаго ты выклікаў мяне? Ведай, што кожнае тваё жаданне будзе выканана адразу.

— Я вас не выклікаў,— ледзь выціснуў з сябе Анатоль.— Тут нейкая памылка.

— Як гэта не выклікаў! — запярэчыў незнаёмец.— Ты ж дзьмуў у дудачку, вось я і тут.

Хлопчык разгублена маўчаў, не ведаючы, што сказаць.

— Ну, калі нічога не трэба, тады да новай сустрэчы,— і незнаёмец знік.

Хлопчык апрытоміў і прашаптаў:

— Дык вось якая гэта дудачка! Цудоўна! Любое маё жаданне будзе выканана, паглядзім...

— Што ты там шэпчаш? — звярнулася да Анатоля настаўніца.

— Я... я паўтараю хатняе заданне, Вольга Сяргееўна,— схлусіў хлопчык.

— Калі так,— сказала настаўніца,— ідзі да дошкі і не шэптам, а для ўсяго класа раскажы, што ты вывучыў.

Анатоль быў пад моцным уражаннем ад дудачкі і незнаёмца, таму блытаўся, запінаўся і, «схапіў» двойку.

Пасля ўрокаў ён схаваўся ад чужых вачэй і лёгенька падзьмуў у дудачку.

— Што загадаеш, Анатоль? — як з-пад зямлі з’явіўся незнаёмец у белым.

Анатоль нерашуча сказаў:

— Я двойку атрымаў сёння. А нельга яе...

— Зразумеў,— адказаў незнаёмец.— Якія ў вас самыя высокія адзнакі?

— Пяцёркі...

— Будзе выканана,— адрапартаваў незнаёмец.— Што-небудзь яшчэ?

— Пакуль не,— прамармытаў Анатоль.

— Не дык не. Бывай! — і незнаёмец знік.

На наступны дзень настаўніца абрынулася на Анатоля:

— Я ўчора ў журнал ставіла табе двойку! Дзе яна? Замест яе стаяць дзесяць пяцёрак! Калі ты паспеў пераправіць сваю двойку на пяцёркі? Гэта ж трэба, да чаго дадумаўся. Заўтра, каб з’явіўся ў школу з бацькам.

— Я нічога не перапраўляў, Вольга Сяргееўна! — слёзна запэўніваў настаўніцу хлопчык.— Чэснае слова!

— Не, двойка сама перарабілася аж у дзесяць пяцёрак,— іранічна адказала настаўніца.

Пасля ўрокаў Анатоль, цяпер ужо з усяе сілы падзьмуў у дудачку. Перад ім зноў як з-пад зямлі з’явіўся незнаёмец, але цяпер увесь у чорным.

— Што загадаеш, Анатоль?

Анатоль разгублена спытаў:

— А вы хто? Я выклікаў не вас, а таго, другога, у белай вопратцы.

— А-а, ты падзьмуў у дудачку з другога канца, вось я і тут.

Анатоль пакруціў у руках дудачку.

— А я і не ведаў гэтага... А якая розніца між вамі? І ён, і вы пытаецеся адно і тое ж: «Што загадаеш, Анатоль?»

— А розніца ў тым, што той, белы, выконвае толькі добрыя пажаданні, я ж раблю толькі благія справы. Напрыклад, я магу пакалаціць тваіх крыўдзіцеляў ці магу што-небудзь украсці для цябе. А хочаш, я ўтвару цэлы патоп у каго ў кватэры?

— Не! — жахнуўся хлопчык.— Нічога такога не трэба!

— А чаму ты такі засмучаны? — спытаў незнаёмец у чорным.— Можа, усё ж каго аддубасіць трэба? Я гэта хутка.

Анатоль уздыхнуў:

— Не, нікога дубасіць не трэба. А засмучаны я ад таго, што ў класным журнале мая двойка ператварылася аж у дзесяць пяцёрак. А я тут ні пры чым. Я таго журнала ў вочы не бачыў, ды і бачыць не жадаю.

— Ха! Хіба ж гэта праблема? — усклікнуў незнаёмец.— Я табе дапамагу. Бывай! — і знік.

Анатоль уважліва агледзеў дудачку, каб запомніць, дзе ў яе «белы» канец, а дзе «чорны». Ён вырашыў, што будзе выклікаць толькі белага незнаёмца.

А пакуль, хлопчык пайшоў дадому і сумна абвясціў бацькам, што іх выклікаюць у школу.

Назаўтра Анатоль з’явіўся ў клас разам з бацькам.

Настаўніца не знаходзіла сабе месца ад злосці. Яна паказвала Анатолеву бацьку шматкі ад класнага журнала, раскіданыя па падлозе і торкала пальцам у хлопчыка.

— Вось ён спачатку пераправіў у журнале сваю двойку на пяцёркі, а пасля маёй заўвагі, зусім разадраў журнал на дробныя кавалачкі.

— Я не чапаў журнал, Вольга Сяргееўна! Гэта не я! — апраўдваўся Анатоль. Ён успомніў незнаёмца ў чорнай вопратцы і здагадаўся, што гэта яго «дапамога».

Настаўніца агледзела клас.

— Чулі? Ён ведае, хто гэта зрабіў! На іншых спіхнуць хоча!

З задняй парты пачуўся голас Вадзіка Стукалава, усім вядомага паклёпніка:

— Журнал парваў ён, Вольга Сяргееўна. Я гэта дакладна ведаю.

— Ну вось,— падхапіла настаўніца,— і вучні гэта пацвярджаюць. Сорамна, Анатоль.

Пасля ўрокаў раззлаваны хлопчык рашуча падзьмуў у «чорны» канец дудачкі.

— Што загадаеш, Анатоль? —бадзёра спытаў незнаёмец у чорным.

— Хачу, каб у кватэры Вадзіка Стукалава адбыўся сапраўдны патоп! Каб усе вадаправодныя трубы пацяклі! Каб сам Вадзік плаваў там, як рыбіна! Можна гэта зрабіць?

— Яшчэ як можна! — весела адказаў «чорны».— Малайчына, Анатоль! Вось гэта сапраўднае жаданне! А рабіць людзям усялякія гадасці — мая любімая справа. Выконваю! — і знік.

— Ну, трымайся, Вадзік-гадзік! — трыумфаваў Анатоль. Паплаваеш ты ў мяне!

Якое ж было яго здзіўленне, калі, прыйшоўшы дадому, ён убачыў мітусню сваіх бацькоў з вёдрамі, тазікамі і іншым посудам, а са столі і па сценах вадаспадам цякла вада.

— Што здарылася? — крыкнуў Анатоль.

— Патоп, сынок! У Стукалавых, якія жывуць над намі, прарвала ўсе вадаправодныя трубы. У іх кватэры, як у акварыўме, вось, ліецца і да нас. Там, у іх, нават нейкая вялізная рыбіна плавае і гавора чалавечым голасам! Жах!

Анатоль выскачыў у пад’езд і падзьмуў у «белы» канец дудачкі.

— Што загадаеш, Анатоль? — спытаўся «белы» незнаёмец.

— Хуценька зрабіце, каб вада перастала цячы і ў Стукалавых, і ў нас! І яшчэ — няхай тая вялікая рыбіна ў Стукалавых зноў ператворыцца ў Вадзіка.

— Выконваю! — адказаў незнаёмец і знік.

Раптам перад Анатолем з’явіўся «чорны» незнаёмец.

— Я вас не выклікаў! Я не дзьмуў у дудачку з другога боку,— здзівіўся хлопчык.

Незнаёмец павінаваціўся:

— Прабач, Анатоль, я сам, па сваёй ініцыятыве... Я чуў тваю размову з «белым» дабрадзеем і не вытрываў. А, можа, усё ж пакінем вялікую рыбіну? Гэта ж так незвычайна: рыбіна, а размаўляе. Ну як?

— Вы што! — раззлаваўся Анатоль.— Гэта ж Вадзік, мой аднакласнік!

— Ён жа паклёпнік, даносчык, твой нядобразычлівец,— удакладніў «чорны». Магу зрабіць так, што ён будзе маўчаць, як сапраўдная рыба.

— Не! Хай будзе ў чалавечым абліччы. Ён выправіцца.

Незнаёмец у чорным не сунімаўся:

— Тады давай я ўтвару ў Стукалавых грандыёзны пажар, а твайго Вадзіка зраблю вогнетушыцелем. Во будзе здорава!

— Не трэба! Нічога не трэба! — закрычаў Анатоль.— Без маёй просьбы нічога не рабіце! Ні-чо-га!

— Эх, Анатоль... — сумна выдыхнуў «чорны».— Ты зусім не даеш мне работы. Бывай,— і знік.

Хлопчык забег у сваю кватэру і з палёгкай уздыхнуў: вада са столі і па сценах больш не цякла.

Ён пабег да Стукалавых, дзе адбыўся патоп, і ледзь не наступіў на Вадзіка, які ляжаў на падлозе без сіл і, як рыбіна, хапаў ротам паветра. Ён быў увесь мокры і ад яго ішоў моцны пах рыбы.

— Во-ё-ёй... Ну і наплаваўся я,— стагнаў Вадзік.

— Так табе і трэба, мокрая маляўка,— выпаліў Анатоль.— сушы свае жабры.

Хлопчык схамянуўся, быццам штосьці ўспомніў, крутнуўся і выбег з кватэры Стукалавых. За дзвярыма Анатоль дастаў з кішэні дудачку і падзьмуў у адзін і ў другі канец. Адразу з’явіліся два незнаёмцы і амаль у адзін голас прамовілі:

— Што загадаеш, Анатоль?

Анатоль, не вагаючыся і рашуча сказаў:

— Вось што, неспадзяваныя мае памочнікі! Вы абяцалі выконваць кожнае маё пажаданне.

— Абяцалі і выканаем,— зноў у адзін голас адказалі незнаёмцы.

— Дык вось, а я не толькі жадаю, а нават загадваю вам,— цвёрдым голас працягваў хлопчык, я загадваю вам, колькі б я ні дзьмуў у гэту дудачку, ніколі не з’яўляцца перада мной. Вы мне больш не патрэбныя! Бывайце!

— Не дык не... — адказалі незнаёмцы і зніклі.

Анатоль для праверкі падзьмуў у адзін канец дудачкі, у другі, але ніхто не з’явіўся.

Тут хлопчык успомніў, што спазняецца ў кружок пачынаючых вынаходнікаў. Па дарозе ў Палац піянераў Анатоль спыніўся ля святлафору, чакаючы зялёнае святло. Побач стаяла і тая бабуля з кійком у руцэ.

— А-а, гэта ты, саколік,— сіплым голасам сказала бабуля.— Дапаможаш мне перайсці праз вуліцу?

— Ой, як добра, што я вас сустрэў! — усклікнуў хлопчык.— Вось, забярыце сваю дудачку, ад яе адны непрыемнасці... А яшчэ казалі, што яна мяне навучыць шмат чаму...

— Няўжо нічаму не навучыла? — здзівілася старая, беручы ў Анатоля дудачку.

— Давайце руку, бабуля, нам зялёнае святло,— павярнуўся да бабулі Анатоль, але яе побач не было.

Анатоль перабег вуліцу, яшчэ раз азірнуўся, але сярод пешаходаў бабулі не заўважыў.

Ён пайшоў да Палацу піянераў, у вушах гучала пытанне незнаёмкі: «Няўжо нічаму не навучыла дудачка?»

Хлопчык спыніўся і задумаўся: «А сапраўды, што мне дала гэта дудачка і што магла даць? Чаму яна мяне навучыла? Не ведаю... Магчыма, падказала мне, што пры жаданні і намаганнях, чалавек можа абыйсціся ў жыцці і без чароўнай дудачкі...»

А ўголас Анатоль весела ўсклікнуў:

— Я дакажу, што гэта так!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.