epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Думкі

О думкі!

Вы́, як жабракі з кійком

Вакол мяне...

Чым вас магу адорыць?

Я бы ад вас і сам

сыйшоў тайком,

Каб толькі з вамі

ўпотай не гуторыць.

 

Дык не! Куды шнурую я,

Туды і вы —

Перажыванні,

Разважанні,

Тэмы.

На хворую

З здаровай галавы

Шматлікія піхаеце праблемы.

 

А як было калісьці, —

мой ты Бог!

Агонь быў у маіх

і ў вашых жылах.

Імчалі ўдалеч вы

з апошніх ног —

І вы, і я —

мы лёталі на крылах.

 

Не, не патрэбен быў

вам мой дагляд,

Вам, неасушных,

хмельных думак чаркі.

Былі вы, як

празрысты далягляд —

Нідзе ні аблачынкі

і ні хмаркі.

 

Перакруціў,

Перамагаў нас час

І перапоўніў

ціхім сумам сэрца.

Я сёння —

Пазбягаю, думкі, вас,

Але ад вас ужо

нідзе не дзецца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.