epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дуплет

Ужо сцямнела, калі Юзюк вяртаўся з палявання. Не пашанцавала яму сёння, і ад гэтага на душы было прыкра. Ведаў, што ў хаце галеча-пустэча і посны булён можна закрасіць толькі дзічынай. Але і дзічына не дурная, яна самахоць у гаршчок ці на патэльню не скокне.

Да хаты заставалася зусім блізка: апошні паварот лясной дарогі — і дома.

Перад самым паваротам Юзюк насцярожыўся — вуха ўлавіла шоргат і сапенне. Ён спыніўся і падаўся ўсім целам наперад, углядаючыся ў шэрань змяркання, якая размазвала ўсё і паглынала. На дарозе нешта вялікай плямай корпалася і краталася.

Дзік! — мільганула маланкай здагадка.

Юзюк ліхаманкава сарваў з плячэй дубальтоўку, памятаючы, што ў ствалах буйная, якраз на дзіка, карцеч, ускінуў стрэльбу, прыцэліўся і бабахнуў. Сэрца тахкала так моцна, што стрэл падаўся ціхім і бяскрыўдным, як пляск далоняў. Порах быў бяздымны, і Юзюк з радасцю ўбачыў, што дзік на месцы,— значыцца, не прамазаў.

Сціскаючы стрэльбу, скочыў некалькі крокаў наперад і спыніўся, прыслухаўся. Сапення не было, і шоргат сціх...

А калі дзік паранены і затаіўся! А калі гэта сякач, які адным узмахам галавы распора жывот, як старую наўлечку! Не! Трэба для надзейнасці ўлупіць дуплетам з другога ствала!

Юзюк склаўся і, ледзь стрымліваючы дыханне, пальнуў з другога ствала, з бліжэйшай адлегласці. Пляма не варухнулася.

Цяпер ужо без ваганняў сарваўся з месца і кінуўся да здабычы.

 

* * *

Хата Тадэвуша Крумкача стаяла ля самага лесу, наводшыбе. Месца было маляўнічае, пагоркавае, лашчылі вока бязмежныя хваёвыя лясы, аздобленыя бярозавымі гаямі, трапяткімі асіннікамі і разважлівымі дубамі, многія з якіх уладкаваліся на чыстым месцы, бліжэй да вёскі, як тыя волаты-вартаўнікі. Але вартаваць і бараніць вёску Кладкі не было патрэбы, бо нічога ёй не пагражала, акрамя запусцення і беднасці. Ды і вёскай яе можна назваць з нацягам, прыплюснуўшы адно вока,— нейкіх сем двароў, сярод якіх чатыры належаць дачнікам, а толькі ў трох жывуць сем’і тутэйшыя, карэнныя.

Калгас пад націскам агульнадзяржаўнага ўпадку паступова сціскаўся, адступаў бліжэй да цэнтральнай сядзібы, пакідаючы неперспектыўныя вёскі і пасяўныя плошчы вакол іх на літасць здзічэння і вымірання.

Некалі глухая вёска Кладкі хутка ператварылася ў забытую Богам і ўладамі.

Мясцовыя жыхары сумна жартавалі:

— Пара ўжо Кладкі змяніць на Клады...

Тадэвуш Крумкач з жонкай адпрацавалі сваё ў калгасе і цяпер дажывалі свой век у хатцы, якую колісь пабудаваў сам гаспадар, на зямлі, якая была сведкай усяго іх жыцця.

Так ужо здарылася, што сам Тадэвуш і пяць ягоных сыноў, далікатна кажучы, заглядалі ў чарку. Любіла выпіць і яго жонка Клаўдзя. Але сёння цяжка знайсці такога чалавека ў вёсцы, які б не ўлягаў у гэта.

І пры калгасе багацце ў гаспадарцы Крумкача было тое ж, што і сёння,— ні каровы, ні парасяці, ні курак. Жылі і тады — з плеч у печ. Праўда, бульбу садзілі заўжды, бо, каб не яна,— зімой павыміралі б з голаду.

Вось чаму паляванне, дакладней, браканьерства, круглы год пазбаўляла бульбу на стале ад адзіноты. Нейкая скабчына, нейкая скварчына часцяком завітвалі на Крумкачоў стол. Гэтаму спрыялі багатыя на дзічыну лясы.

Тадэвуш і Клаўдзя былі людзьмі сціплымі, нават добрымі, нікому, як кажуць, з нагамі ў горла не лезлі, нікога не абразілі, не зняважылі. Вып’юць, калі перападзе,— і ў сваю хаціну.

Дзеці пайшлі ў бацькоў — не зладзеі, не прайдзісветы. Яны разыходзіліся зранку па вёсках, дапамагалі адзінокім бабам і ўсім тым, хто прасіў нешта ўзараць, скасіць, парэзаць і пашчапаць. За працу бралі толькі гарэлку, якой іх і частавалі і давалі з сабою.

Нехта адзін ці ўдвух, пры неабходнасці, цягнуўся ў лес на пошукі паляўнічага шчасця.

Такім чынам, лад жыцця гэтай сям’і быў адрэгуляваны і прыцёрты да сучасных абставін.

Людзі з навакольных вёсак прывыклі да безадмоўных і рэдка цвярозых Крумкачовых сыноў, не баяліся пускаць іх у хату, запрашалі, бывала, да чаркі і без іх працы. Спачатку дзівіліся толькі аднаму: ніводны з хлопцаў, а самаму сталаму пераваліла за сорак, не быў жанаты. Потым і гэта акалічнасць перастала хваляваць. Хлопцы як хлопцы — добрыя, працавітыя...

Менавіта сёння самы малодшы з Крумкачоў — Юзюк, якому споўнілася дваццаць тры гады, вяртаючыся дахаты, стрэліў дуплетам у дзіка.

Падскочыўшы да цёмнай плямы, Юзюк нічога не зразумеў. Ён настолькі быў упэўнены ў сваёй паляўнічай удачы, што акрамя дзіка нічога і нікога не ўспрымаў.

Першае, што ён адчуў, калі ўбачыў на дарозе скурчаную постаць чалавека, быў не страх, а аслупяненне. І толькі ў наступны момант востры, пранізлівы холад прабег па яго целе, ператвараючы сэрца ў кавалак лёду.

Чалавек?! Адкуль? Як? Юзюк не мог крануцца. Чорная постаць нерухомага чалавека выглядала жахліва і злавесна.

Хлапец хацеў закрычаць, кінуцца наўцёкі, але сіл хапала толькі на тое, каб утрымацца на абмяклых нагах, не ўпасці побач з гэтым страшным чалавекам.

Токам ударыла думка, якая вярнула да рухавасці: а можа, жывы!

Пакуль рукі мітусліва шукалі ў кішэнях запалкі, вусны ліхаманкава шапталі:

— Жывы, жывы, жывы, жывы...

Нарэшце запалкі знойдзены, і халодныя, дрыготкія пальцы пачалі нервова чыркаць па карабку. Запалкі ламаліся, пырскалі ў розныя бакі іскрамі і ніяк не хацелі загарацца.

І вось адна запалка ўспыхнула і высветліла твар скурчанага на дарозе чалавека.

Юзюк балюча і працягла застагнаў — гэта быў яго брат Лявон.

 

* * *

Шукаць рады не было дзе...

Спачатку Юзюк, ускочыўшы ў хату, толькі глуха і страшна енчыў:

— Я забіў Лявона! Мама! Тата! Я Лявона застрэліў!

Маці ніяк не магла зразумець:

— Якога Лявона? Чыйго? Як застрэліў?

Бацька спаў і не мог дайсці да сябе ад выпітай гадзіну назад самагонкі, якую прынёс добра падпіты старэйшы сын Васіль,— ён таксама моцна пахрапваў на падлозе, падклаўшы пад галаву ватоўку.

— Якога Лявона? Чыйго-о?! — трэсла маці за плечы Юзюка, які валтузіў на ложку бацьку і стагнаў:

— Тата! Прачніся ты, я Лявона застрэліў! О-ой, тата!..

Нарэшце да Клаўдзі пачаў даходзіць страшэнны сэнс Юзюковых слоў.

— Сынок, ты што? Апамятайся! Нашага Лявона? За што?

Юзюк выціснуў:

— Нашага...

— Сынок! Сыно-о-чак! — аглушыў Юзюка матчын крык, і немагчыма было зразумець, да якога сына ляцела гэта страшнае «сыночак» — да Юзюка, да забітага Лявона ці да абодвух адразу?

Крык жончынай душы дайшоў і да Тадэвуша, ён сеў на ложку, патрос у бакі галавой, адганяючы туман з мазгоў, і асалавела паглядзеў на жонку:

— Што?.. Ну што здарылася?..

Адказаў глуха і ціха Юзюк:

— Тата, я застрэліў нашага Лявона...

Клаўдзя падхапіла:

— Трэба людзей клікаць, доктара! Можа, жывы! Ну што ты сядзіш, як кол?!

— Ціха! — раптам крыкнуў на жонку Тадэвуш. У сына насцярожана запытаўся: — Як гэта магло здарыцца? Што не падзялілі?..

Юзюк блытана і ўсхвалявана расказаў, як усё было, і выдыхнуў:

— Нежывы ён, мама... Ляжыць нежывы...

— Трэба клікаць нейкую дапамогу, людзей...— зноў ускочыла Клаўдзя, але Тадэвуш злосна шыкнуў:

— Дурніца безгаловая! Ну, збяры людзей! Міліцыю пакліч яшчэ! І што? Лявона паднімеш? Балда! Не будзе ні Лявона, ні Юзюка — заканапацяць па самую плешку!

Тадэвуш рашуча ўстаў, уссунуў боты на босыя ногі, зняў з цвіка шапку.

— Паднімай Васіля! — закамандаваў Юзюку.— А дзе Грышка з Адолікам? — папытаўся ў жонкі.

— Яны ж недзе па вёсках працуюць... Маглі і заначаваць...

— Заначаваць! — злосна паўтарыў Тадэвуш.— Набяруцца не ў меру ды поўзаюць ракам па гразі! Вунь, адзін ужо заначаваў!..

— Тата, Васіль не прачынаецца, толькі мармыча нешта,— паскардзіўся па-дзіцячы Юзюк.

— Кінь ты гэту падлу! — бліснуў бацька вачыма.— Няхай спіць, меней сведкаў будзе!.. А ты,— звярнуўся да жонкі,— бяры пасцілку і бягом за намі...

Мёртвае цела Лявона гойдалася і адцягвала пасцілку да самай зямлі, а калі нехта з мужчын у цемры спатыкаўся, цягнулася па дарозе.

Бацька ішоў першы, за ім, учарэпіўшыся ў рагі пасцілкі, старанна перабіраў нагамі Юзюк.

Усё адбывалася настолькі імкліва, што ён не разумеў, што з ім, дзе ён і што робіць.

За мужчынамі ішла Клаўдзя, ціха галасіла, церла рогам хусткі твар і нешта прыгаворвала.

Начная працэсія падышла да ганка і спынілася. Не згаворваючыся, мужчыны закурылі.

Цяжка дыхаючы, Юзюк асцярожна спытаўся:

— А што далей?..

— У хату яго... Нясіце ў хату! — узмалілася Клаўдзя.

— Якую хату! — зноў шыкнуў на яе Тадэвуш.— Мала вачэй на свеце? Трэба хутчэй закапаць! Толькі дзе? І каб язык з-за зубоў не высоўвалі!

Юзюка ад гэтых слоў зноў да касцей працяў жахлівы холад.

— А развітацца... А чаму ж так не па-людску? — загаласіла Клаўдзя.

Тадэвуш апусціў галаву:

— І я не каменны... Усё атрымалася не па-людску — і жыццё, і смерць, і пахаванне...

Патаптаўся, зняў шапку і з цяжкасцю выдыхнуў:

— Я ж другога сына ратую... Развітвайся тут...

 

* * *

Вёску Застарычы аддзялялі ад Кладак восем кіламетраў, але і тут пра Крумкачовых дзяцей ведалі ўсе і ўсё. Ды што гэта за перашкода, восем кіламетраў — паўтары гадзіны ходу? А калі ідзеш па лесе, сярод чысціні і прыгажосці, паўтары гадзіны сціскаюцца да непрыкметнасці.

Юзюк па гэтай лясной дарозе хадзіў-перахадзіў столькі, што на яго перасталі зважаць вавёркі, якія раз-пораз перабягалі дарогу ці пырскалі з дрэва на дрэва. Не пужаліся ўжо і не паднімалі гвалту яго цёзкі па прозвішчы — чорныя крумкачы, чые гнёзды ляпіліся да вяршынь магутных соснаў.

Усё навокал было такім родным і блізкім не толькі таму, што ён вырас сярод яго, а і таму, што дарога гэта звязвала яго з дзяўчынай, якая захапіла яго думкі і сэрца.

Больш як месяц пасля страшнага здарэння Юзюк не паказваў і носа ў Застарычы. Ён думаў, што ніколі ўжо не ўбачыць сваёй каханай, але пасля нечалавечых пакут, патаемных слёз і бяссонных начэй раптоўна пацягнула да яе. Хацелася хоць крыху ажывіць, сагрэць счарнелую і збалелую душу.

Ішоў Юзюк не шпарка, у глыбокім роздуме. Як паглядзець ёй у вочы? Што сказаць? Як сябе паводзіць? А ці мае права ён, забойца, на чыстыя чалавечыя адносіны? Мала таго што галеча беспрацоўная, дык яшчэ і злачынец...

Алена раней некалькі разоў намякала на тое, што пасля іх вяселля ён пераедзе жыць у Застарычы і будзе працаваць у суседняй калгаснай брыгадзе, да якой усяго тры кіламетры. Юзюк моўчкі пагаджаўся, бо і сам у душы прагнуў наладзіць жыццё, як у нармальных людзей.

Ідучы па Застарычах, Юзюк не адзін раз чуў за сабой:

— Ой, парушаць Крумкачовы хлопцы сваю халасцяцкую вольніцу! Ой, парушаць! Ой, хутка грымне вяселле! Ой, вусы свярбяць!..

Але грымнула зусім іншае...

 

* * *

Жыццё ў Крумкачовай хаце, пасля таго як не стала Лявона, змянілася.

Юзюк у рот не браў гарэлкі і ўсякіх моцных напояў, зрабіўся маўклівым, пазбягаў глядзець бацьку ў вочы. Цішком шмыгаў праз лазнічок на залысінку — пагорак сярод бярэзніку — і тут, ля месца пахавання брата, гадзінамі сядзеў не кратаючыся, быццам гэта быў не ён, а застылы жывы помнік.

Нябачная магіла прыцягвала яго, хоць і выклікала ў сэрцы нясцерпны боль...

Маці дома, пры выпадку, кранала яго рукой і цішком супакойвала ці то сябе, ці то Юзюка:

— Трэба жыць, сынок... Трэба жыць...

Бацька як піў, так і працягваў піць. Маўчаў, курыў. Да магілы Лявона — ні нагой.

Грышка з Адолікам час ад часу, працверазеўшы, пыталіся:

— Дзе гэта Лявон? Ён што, прыжыўся дзе-небудзь ля спадніцы?..

— Можа, і прыжыўся! Вам што? — гыркаў бацька.

— А дзе ружжо? На паляванне б сцягацца, мяса ўжо сніцца пачало,— зноў дапытваліся браты.

Бацька гэтак жа злосна абсякаў:

— Няма болей ружжа! Мышы з’елі! Сапсавалася — вось я і выкінуў яго, каб не пакалечыліся, дурні...

Болей не было каму шукаць Лявона ў гэтай глухамані. А нават каб і схапіліся — шукай іголку ў стозе сена! Ведалі навакольцы, што басцяліся хлопцы самапасам, маглі начаваць там, дзе валіла іх з ног гарэлка,— хоць у лесе, хоць на балоце, хоць зімой.

Помнілі і тое, што было ў Крумкачоў шэсць сыноў, але той шосты, Вацік, памёр недарэчна і ў пакутах, калі яму споўнілася толькі трыццаць гадоў.

Напіўся ён неяк зімой па самую завязку і ехаў з другой вёскі дамоў у санях. Заснуў Вацік на ахапку сена, ногі з саней звесіліся, і з адной нагі ссунуўся валёнак. Мароз быў страшэнны, ажно дрэвы пастрэльвалі — трэскаліся, не вытрымлівалі.

Конь — жывёліна разумная, ён прывёз бы Ваціка дамоў, але лейцы цягнуліся па снезе і зачапіліся за нейкі корч.

Так і стаялі яны ноччу, дакладней, стаяў бедны конь, а небарака Вацік ляжаў і хроп на санях. Калі ж ачнуўся, адблытаў лейцы і пагнаў каня да ратавальнай хаты — было позна. Вушы, шчокі, нос адышлі, памянялі толькі скуру, а вось нага счарнела, распухла.

Колькі бацькі ні гналі яго да дактароў, ён аднекваўся:

— Баюся! Можа, само пройдзе...

Упёрся як баран у слуп і сядзеў на печы, думаў, адагрэе нагу і кроў пабяжыць па ёй па-ранейшаму.

Але пухліна і чарната праз тыдзень палезлі вышэй, і пачалася гангрэна. Ужо і нагу даўся адняць, але было позна...

Памяталі гэта людзі, ведаў пра гэта і ўчастковы міліцыянер, таму пошукі Лявона, каб яны пачаліся на афіцыйным узроўні, ператварыліся б у фармальнасць.

 

* * *

Ужо другі год пайшоў з таго часу, як разарваў цішыню сцямнелага лесу той ракавы дуплет.

Юзюку здавалася, што адна карцечына нейкім чынам трапіла ў яго сэрца, і хоць рана аказалася не смяротнай, але і не думала зажываць.

Згрызала думка: нават крыжа на Лявонавай магіле няма... Закапалі без труны — накрылі пасцілкай, і ўсё...

А найбольш непакоіла, дапякала хуткае яго вяселле з Аленай. Адносіны з ёй наладзіліся, бацькі яе былі не супраць Юзюка, хоць злосныя языкі абмывалі Крумкачоў «дабрабыт» як маглі.

— Ну што ты такі сумны, Юзька? — дапытвалася Алена.— Усё, што трэба, самі нажывём... Каханне ўсяму дапаможа...

— Не гэтага я баюся...— выдыхаў Юзюк.— Не гэта хвалюе...

Старыя Крумкачы, пачуўшы пра сынаў намер, узрадаваліся. Спадзяваліся, што новае месца, новыя клопаты, а там, дасць Бог, і дзеці вернуць яго да жыцця.

Спадзяваўся на гэта і сам Юзюк, але чым менш часу заставалася да рэгістрацыі шлюбу ў сельсавеце, тым мацней даймала яго «карцечына» ў сэрцы.

І вось Юзюк зноў крочыў па лясной дарозе ў бок Застарыч. На гэты раз хада яго была рашучай, ён не заўважаў нічога навокал — ні прыгажосці лесу, ні вавёрак, ні птушак.

З кожным крокам яму здавалася, што ён паступова выходзіць з цемры, з пакутаў, хоць ішоў насустрач няведама чаму.

Юзюк зноў і зноў пракручваў у думках словы бацькі, які сёння падышоў першы раз за мінулы год з напамінам пра тое забойства.

— Выкінь, сынок, з галавы... Ці ж ты хацеў гэтага? Яго не вернеш, а ты ўратаваўся ад турмы...

Не, Юзюк увесь гэты час не выкідаў з галавы нічога, не заглушаў боль у сэрцы, не шукаў уцехі, а, наадварот, толькі і думаў пра гэта, толькі караў сябе і адчуваў, што так яго жыццё працягвацца не можа.

«Эх, тата,— думаў Юзюк,— ад турмы ты мяне ўратаваў... Ці ж магчыма ўратавацца ад самога сябе?..»

Алену здзівіў і напалохаў выгляд Юзюка.

— Што з табой, Юзя? Я цябе ніколі такога не бачыла. Ты што... перадумаў?..

Юзюк ледзь стрымліваў сябе, голас дрыжаў:

— Аленка! Я хачу папрасіць у цябе прабачэння... Мы павінны... Я абавязаны...

Алена спыталася больш настойліва, з трывогай у вачах:

— Дык ты перадумаў?! Так? І што, вяселля не будзе?..

Юзюк ціха пацвердзіў:

— Вяселля хутчэй за ўсё не будзе... А магчыма, яно адкладваецца... Усё цяпер будзе залежаць ад цябе.

— Што ўсё? Што ты надумаў? Я нічога не разумею!..

Юзюк узяў яе за рукі і сціснуў іх.

— Прашу цябе, не пытайся больш нічога... Пра ўсё даведаешся хутка сама. Я не магу табе болей нічога сказаць. Не магу! Язык дзервянее. Помні толькі адно: я кахаю цябе! Цябе адну!..

Юзюк пусціў яе рукі і крутнуўся, каб ісці.

— Куды ты?! — хутчэй крыкнула, чым спыталася дзяўчына.

Юзюк горка ўсміхнуўся:

— Насустрач свайму лёсу... А ён чакае мяне ў раёне — у міліцыі...

— Што ты пляцеш? — крычала Алена.— Цябе выклікаюць у міліцыю?

— Не! Сам іду! — рашуча сказаў Юзюк і пайшоў, і не было на свеце той сілы, якая б прымусіла яго павярнуць назад.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.