epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Душа-гармонік

Душа-гармонік, што ж ты сціх

З няпамятных часоў?

І не чуваць нідзе тваіх

Басоў і галасоў.

 

Ці ж думаў хто, што паглыне

Цябе імклівы век?..

Ад таты перадаўся мне

Тваёй душы сакрэт.

 

О, як любіў я, малады,

Твой голас — прызнаю!

Пералівалася тады

Твая душа ў маю.

 

Я прачынаўся й засынаў

Пад дзіўны разгалос.

Ты упрыгожваў і яднаў

Усіх вяскоўцаў лёс.

 

Няўжо, мой дружа, ты памёр?

Не веру, што аджыў

Чароўных гукаў перабор,

Мелодый пераліў.

 

Прыціхлі вёскі — вер не вер,

Бо іншае мадней.

І не пачуць цябе цяпер

Паўсюдна, як даўней.

 

І хоць палоніць пакрысе

Наш слых інакшы спеў,

Сумуюць па табе усе,

Каму ты сэрцы грэў.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.