epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Душа продкаў

Якую душу

Мелі продкі калісьці!

Калісьці —

Адвечнай нядолі радня.

У хаце,

На працы,

Ў дарозе кудысьці —

Ні кроку без песні,

без песні ні дня.

 

У хаце спявалі,

пры кожным застоллі,

І ў дзень Вялікодны

за кожным акном.

А як жа спявалі

жанчыны у полі,

Над жытам з сярпамі

альбо над ільном.

 

А ужо, як граблямі

варочалі сена,

Зграбалі ў валокі,

ды клалі стажкі,

Ў паветры над лугам

лунала нязменна

Мелодыя працы —

спявалі жанкі.

 

Нялёгкая доля,

Нялёгкая праца,

І людзям здавалася

ў тыя гады —

Без песні не будзе

касіцца, арацца,

Без песні жыцця

не ўяўлялі тады.

 

Мы песню згубілі,

без песні нязвыкла,

Часы ўжо другія —

і іншы матыў.

А песня пакуль што

са сцэны не знікла,

Але фестывалі,

як той партактыў.

 

Магчыма таму й надышло

наша «сёння»,

Што «песня и строить, и жить» памагла.

Ды наша заможнасць

ў няспеўнасці тоне,

Ні з горада песні не чуць,

Ні з сяла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.