epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Душаў «веча»

Прайсці бы «на сяло»... 1

Зімой утульна ў хатцы

І весела было

Збірацца пасля працы.

 

Галеча, глухамень,

Ўсе дні, як панядзелкі.

І мы, ледзь гаснуў дзень,

Стваралі пасядзелкі.

 

Мяцеліцы гулі,

Нібыта д’ябла меса.

А мы сабе былі —

І радыё, і прэса.

 

І атуляў нас смех

З падкусам незласлівым.

Другіх не меў уцех

Той час, для нас шчаслівы.

 

Нас клікаў стан душы

На нашых душаў «веча».

Бо дні, як спарышы,

Дык хоць усцешваў вечар.

 

Не страшны маладым,

Між жартаў і гаворкі

Ні лямпы курадым,

Ні едкі дым махоркі.

 

 

Дзяліўся хто чым мог

З духоўнае скарбонкі.

У сэрцы я збярог

Мінулага старонкі.

 

Мінулае прайшло,

Я з ім вяду бяседу...

Пайсці бы «на сяло» —

Ці трэба я суседу?

1 Пайсці «на сяло» — збірацца

моладзі вечарам па чарзе ў нечай хаце.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.