epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Душэўна-хворыя

Душэўна-хворыя,

О як вас не стае

У нездаровы час наш —

Асабліва.

Душэўна-хворыя —

Паплечнікі мае,

Бо й сам душэўна-хворы я —

Не дзіва.

 

Ёсць ісціна,

Вядомая спрадвек,

Забылася яна —

І гэта блага:

Баліць душа —

Й здаровы чалавек,

А не баліць —

Хварэе, бедалага.

 

Ні шкоды,

Ні карысці ад яго,

Ён — цень, пустое месца

Паміж намі.

Іх абыходзіць трэба,

У каго

У душах штыль,

Хаця вакол цунамі.

 

Хто б ён ні быў,

Акцёр альбо кароль,

Ці дэмакрат

Слугой народа будзе,

Калі душой

Ён не адчуе боль

Другіх людзей —

Не пазайздросціш людзям.

 

О, каб балелі душы

У людзей,

Было бы больш і больш

Душой здаровых.

Хварэла б чалавецтва

Ўсё радзей,

Крывавых свет

Пазбавіўся б падзей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.