epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Душы малебен

Пішу... Пішу...

Таўсцее сшытак —

Сам аўтар, сам чытач, сам крытык.

У рыфмах лад, у думках вольнасць —

Падзяка Госпаду за здольнасць!

Пішу і цешуся дзіцяцем,

Што парадніўся з творчым шчасцем.

Пішу...

А што далей? Пытанне.

А дзе чытач? І слова вяне,

Як гіне без вады расліна.

Шуфляда — вершаў дамавіна.

І сам, як крыж на дамавіне —

І думкі мруць, і сэрца стыне.

Пішу...

Пішу...

Каму патрэбен

Жыцця грааль, душы малебен?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.