epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Два характары

Ёсць людзі незласлівыя, на дзіва,

Усё прымаюць моўчкі і цярпліва.

Іх вытрымка нетлумачальнай моцы,

Яны, быццам без нерваў і эмоцый.

Няўжо ў іх тое ціхае балота,

Ў якім жывуць нячысцікі з ахвотай?

Яны сваім характарам належаць

Не да сабакі, які толькі брэшыць,

Але не ўкусіць, хоць увесь звяглівы,

А да таго, што знешне не зласлівы

І ціхі, і спакойны ўвачавідкі,

Вось ён знянацку і ўгрызне за лыткі.

Не, я не давяраю поснай масцы,

Яна, як алкаголік у завязцы,

За ёю столькі скрытнасці адвечнай,

Не выключана, што і небяспечнай.

Не, больш цаню характар я запальны

І выбуховы, эмацыянальны

Гаворку больш прыемна весці з імі,

У іх другога дна няма ў паміне,

У іх на языку ўсе заляпоны,

А гэта лепш, чым у душы праклёны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.