epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Два плюс адзін

Светлай памяці сябра Віктара

 

Брылеўскі Віктар, са сваёй малодшай сястрой Вандай, гадаваліся без бацькі.

Шасцідзесятыя гады дваццатага стагоддзя не вызначаліся заможнасцю. Таму і Віктар гэтай заможнасці пакуль не зведаў. Яму споўнілася ўжо дваццаць год, але па нейкай прычыне служыць у армію ён не пайшоў — меў «воўчы білет».

Працаваў ён, як і яго маці, у калгасе, заробак быў мізэрны. І хоць гэта, як кажуць, ужо гісторыя, далёкае мінулае, але гісторыю трэба ведаць у тым выглядзе, у якім яна была.

Вольны час моладзь бавіла на вечарынках ды пасядзелках у чыёй-небудзь хаце, ладзячы няхітрыя гульні ды жарты.

Сябраваў Віктар з Алегам, сваім аднагодкам і аднавяскоўцам. Што іх звязвала — невядома, але сяброўства было сапраўдным сяброўствам, хоць крыху і дзіўным. Віктар быў тэхнар, любіў рознае жалеззе, трактар, матацыкл, які, дарэчы, у яго быў. Алег захапляўся кніжкамі, няблага граў на гармоніку што надавала вагу у вачах моладзі, асабліва ў дзяўчат. Да таго ж, Алег быў даволі прывабны сваім знешнім выглядам. Віктар жа — наадварот, маючы добрае сэрца і шчырую душу, не вызначаўся знешняй прыгажосцю. Нават валасы ў яго былі крыху бялёсага адцення, за што да яго прыліпла мянушка «Сівы».

Але ж знешнасць чалавек не выбірае, што Бог даў, тое маеш. О, каб чалавек выбіраў сваю знешнасць — ад прыгажуноў было б цесна.

Нечакана на мясцовы паштовы вузел, які пакуль не працаваў з-за адсутнасці адказнага па штаце чалавека, прыслалі аднекуль такога чалавека — загадчыка паштовага аддзялення.

Паштовым аддзяленнем гэты закуточак пры бібліятэцы, смешна было назваць. Стол, стул, нейкі сейф і — раскоша таго часу, тэлефон. Сам жа пакойчык меў за загародачкай усяго два на два метры — тоўстаму чалавеку і павярнуцца няма дзе.

Але, на шчасце, прыслалі чалавека даволі зграбнага і маладога.

Гэта была дзяўчына, вельмі прыгожая і вельмі ветлівая, з незыходзяй з пухленькіх вуснаў усмешкай. Імя яе было Тоня.

Усе мясцовыя хлопцы па патрэбе і без патрэбы абівалі парог гэтага пакойчыка.

Па сутнасці, якая ў іх магла быць патрэба? Ды ніякай! Канверт з нейкім пасланнем можна апусціць у паштовую скрынку, якая вісела ля ўваходу ў паштовае аддзяленне, а болей што? Тут і гадаць не трэба — іх прыцягвала, і сваёй вясёлай гаворкай, і сваёй прыгажосцю Тоня. І было б дзіўна, каб было іначай.

Праўда, у вёсках і сваіх дзяўчат шмат. І іх Бог не абдзяліў і прыгажосцю, і весялосцю, але ж гэта — новенькая. А да ўсяго новенькага зацікаўленасць асаблівая.

У гэтай вірлівай табале хлопцаў можна было бачыць штодня і сяброў — Віктара і Алега.

Тоня рабіла выгляд, што вельмі занятая справамі, але яе вочы пільна «прасейвалі» настойлівых наведвальнікаў. І як жа маглі яе дзявочыя вочы не вылучыць з усіх іх Алега, прыгожага, падцягнутага, з невясковым інтэлектам?

Тут, у гэтым хлапечым віры, іх узаемную зацікаўленасць хаваць было не складана.

І ўсё ж, калі-нікалі Алегу ўдавалася заскокваць да Тоні, без непатрэбных сведак. Вельмі хутка яны зразумелі, дакладней, адчулі, што закаханыя адно ў аднаго. Сустракаліся яны пакуль употай, хаваючыся ад чужых вачэй, бо ў вёсцы слых можа нарабіць непатрэбнасцяў. Слых, бывае, разлучае не толькі закаханых, але і разбурае сем’і, сварыць суседзяў і лепшых сяброў.

Таму Алег з Тоняй, пакуль самі не пераканаюцца ў моцнасці сваіх пачуццяў, вырашылі не выстаўляць на паказ усім сваё каханне.

Складаней было рабіць гэта на вечарынках, дзе ўсе за ўсімі сочаць,— хто з кім танчыць, хто да каго «ліпне».

Тут ужо Алег праяўляў асаблівую асцярожнасць — запрашаў Тоню на танец, можа, два-тры разы за вечар і ноч. І гэта не выклікала ніякай падазронасці ў астатніх, бо, як правіла, ўсе хлопцы з усімі дзяўчатамі танчаць столькі ж разоў.

А між тым закаханыя вырашылі не толькі «выйсці з ценю», а пачалі будаваць планы на будучы шлюб — вялі ужо гаворку аб вяселлі.

Аднойчы, пры чарговай сустрэчы, Віктар запытаў у Алега:

— Скажы, Алег, як табе Тоня?

— Тоня як Тоня,— нядбала адказаў сябар — і сам спытаўся: — А чаму ты цікавішся?

Віктар зачырванеўся і выціснуў з сябе:

— Табе, Алег, як лепшаму сябру, адкрываю душу. Я ў яе закахаўся з першага дня, калі яна прыехала. Я адбіваўся ад гэтых сардэчных мукаў, я выкідваў яе з галавы, але з сэрца не змог.

Алег абмёр. Ён пахаладзеў.

— Ты, Віктар, жартуеш? — з надзеяй спытаўся ён.— Скажы, што пажартаваў.

Віктар амаль застагнаў:

— Якія жарты! Я жыць без яе не магу! Я гіну ад кахання. Гіну таму, што бачу, адчуваю — я ёй не пара. Яна мяне нават не заўважае. Дружа, парай, што мне рабіць? Дапамажы! Выратуй мяне!

Раптам у хату ўвайшоў Васіль — балабол і вясялун.

— Што тут над вамі нейкая чорная хмара вісіць? Жыць трэба весела! Вось ты, Алег, што такі сумны? Па вёсцы слых коціцца пра ваша з Тоняй вяселле, а ты посны, як самы вялікі пост. Шчасліўчык, такую дзяўчыну адхапіў, усіх аблапошыў — і кісне. Скакаць павінен!

Цяпер ужо абмёр і Віктар. Ён з нейкім нечалавечым жахам паглядзеў на Алега, затым падскочыў да Васіля і схапіў яго за грудзі.

— Што ты сказаў?! Паўтары! Якое вяселле? Хто з кім?

Ён, пасля кожнага пытання, трос з усяе сілы спалоханага Васіля, і ўсё пытаўся:

— Ты пра чыё вяселле? Паўтары!

Васіль выслабаніўся ад Віктара і даўся за дзверы.

— Ды ну вас! — кінуў ён праз парог.

Віктар павярнуўся да збялелага Алега.

— Што ж ты маўчыш, мой лепшы сябар? — апустошана і стомлена спытаўся ў яго.— Я табе душу адкрыў, а ты за маёй спіной цешышся... На вяселле хоць запросіш?..

Алег ускочыў, як спружына.

— Вяселля не будзе! Не будзе! — і даўся праз дзверы.

Алег, узрушаны да шаленства, заскочыў да Тоні, ледзь не зламаўшы загародачку.

— Што здарылася, Алежка? — спалохана ўсклікнула яна, убачыўшы збялелага Алега.— Што?

Алег хапаў ротам паветра, спрабуючы здыхацца і супакоіцца, нарэшце ледзь не выкрыкнуў.

— Ты павінна з’ехаць адсюль! З’ехаць назаўсёды! Разумееш?

Тоня абяссілена абвісла на стуле.

— Нічога не разумею. Пра што ты?

Алег, цяпер ужо ціха выціснуў з сябе:

— Вяселля не будзе... Прашу цябе, едзь адсюль куды-небудзь. Ты маладая, ты прыгожая, табе ўсюды будуць рады...

— Ты раскахаў мяне? — спалохалася Тоня,— Раскахаў? Хто табе пра мяне чаго нагаварыў?

Алег застагнаў:

— Не пытайся болей нічога? Малю цябе! Едзь, едзь, едзь адсюль хутчэй...

Ён, не зачыніўшы дзвярэй, выйшаў на двор і падаўся прэч... Прэч ад усяго, што было, прэч ад самога сябе.

Ён, каб заглушыць боль сэрца, горка разважаў услых:

— Я... Віктар... Тоня... Два — плюс адзін... Ніколі не думаў, што два плюс адзін, атрымаецца нуль...

Праз тыдзень прыгажуня Тоня перавялася кудысьці на новае месца працы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.