epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Два прыклады

Да творчасці яго я быў паломнікам,

Як да жывой вады душой прынік.

Ён у душы маёй

Узнёсся помнікам,

Як чалавек,

Пісьменнік,

Франтавік.

 

За мір, за шчасце

Заплаціў ён дорага —

Ад смерці сонца закрываў сабой,

Змагаўся маладым

З нямецкім ворагам,

Затым у творах свой працягваў бой.

 

Нажыў я рану ў сэрцы невылечную,

Калі пачуў праз радыёэфір:

Ён дажываць паехаў на нямеччыну,

Ён, мой ужо, на жаль,

Былы кумір.

 

І ён паехаў,

Ісціну сканфузіўшы,

Даў пад дыхалку рэйтынгу свайму.

І помнік рухнуў,

Мне душу забрудзіўшы,

Ў душы пытанне вырасла: — Чаму!

 

Ён — і да немцаў!

Штосьці непатрэбнае.

Зусім несумяшчальнае тут штось.

І кропка ў біяграфіі ганебная,

І гэта факт —

Што маем, тое ёсць.

*

Вось вёсачка мая пасляваенная,

Ледзь ачуняла, спаленай была.

Жыве у ёй жанчына непісьменная,

Ў вайну яна дзяўчынкаю была.

 

Яе жыццё сваёю чорнай меткаю

Адзначыла вайна й нямецкі кат —

Тады прад ёй, дзяўчынкай-малалеткаю,

І бацька расстраляны быў, і брат.

 

Семдзесят год — адлегласць велізарная,

Яна ўсё ж помніць страшную пару.

Й пасылку не ўзяла гуманітарную —

Чым браць у немцаў штосьці —

Лепш памру.

 

Яна жыццём душу не абязболіла,

І памяць не адправіла на злом.

Святая памяць ёй бы не дазволіла

Лізаць талеркі за чужым сталом.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.