epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Два светы

Свет, створаны Богам,

і людзі ў ім Божыя,

І свет, што ўва мне,

што ствараў я старанна,

Яны непадобныя,

нават варожыя,

Два антаганісты,

ім ладзіць складана.

 

Які з іх галоўны?

І што ў іх галоўнае?

Чаму ў не галоўных

галоўныя ролі?

Свет, створаны Богам,

магчымасці роўныя.

Хоць дзеці мы Бога,

не дасць нам ніколі.

 

Пытанні адвеку,

шуканні нястомныя

Адказу

на незразумелае гэта —

Свет, створаны Богам,

а ў ім сілы цёмныя

Канец набліжаюць

нявечнага света.

 

Свет, створаны Богам?..

ў ім шмат дызгармоніі,

Бо шчасце і жах —

не гармоніі дзеці,

Бо глухне

Людская душа ў какафоніі

І сам чалавек,

ў гэтым жудасным свеце.

 

А што адбываецца

ў свеце, мной створаным?

Парадкі і згода?

Спакой і ўлюбёнасць?

І ён дызгармоніяй

шчодра адораны,

І ў ім супярэчлівых спрэчак

Бяздонне.

 

Затое не зменіцца

свет мой унутраны

Ад нечай пагрозы

ці ласкі — ніколі.

Ён узбагаціцца

ці будзе разбураны

З жадання майго

па маёй толькі волі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.