epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Двайнік

Сон

 

Імчаў я наўздагон,

Ускочыў на хаду.

Ды сеў не ў той вагон,

Прыпынак — і сыду.

 

Заблытаны клубок

Падзеяў і сустрэч.

І поезд не ў той бок

Аказваецца прэць.

 

Ў вагоне — мой двайнік,

Такіх не бачыў свет,

У форме праваднік,

Настырны, як цягнік,

Пытае: — Ваш білет?

 

— Які білет, чурбан?

Я ўскочыў на хаду.—

Схапіў я за стоп-кран

І ўляпаўся ў бяду.

 

Бо поезд знік ураз,

Як злодзей з крадзяжу.

А я, на гэты раз,

Ў міліцыі сяджу.

 

Складаюць пратакол,

І не стрымаў я крык,

Зірнуў — і брык пад стол,

Складае мой двайнік.

 

У званні капітан,

У форме МУС — ого!

Я зноў крычу: — Чурбан!

А ён схапіў наган

І да ілба майго.

 

Я зноў бы «сеў на мель»,

Не адкруціцца б мне,

Ды жонка ў бок — таўкель:

— Што ты крычыш у сне?

 

Прысніцца ж гэта муць,

Няўцям — што да чаго?

Баяўся зноў заснуць

І двайніка свайго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.