epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Двойчы падкідыш

У радзільны дом падкінулі немаўлятка. Яно, ухутанае ў нейкія анучы, кугукала ля ўвахода — ля самых дзвярэй. Начны вахцёр прыадхінуў скрутак, зірнуў на твар дзіцяці і спужана зноў захінуў яго. Паклікаў санітарку:

— Вось што падкінулі! Толькі нам гэтага не хапала — свае тут вушы правішчалі наскрозь!

Санітарка ўзяла скрутак і асцярожна паднялася з ім на другі паверх да акушэркі, з якой разам дзяжурыла гэтай ноччу.

— Што з ім рабіць? — спыталася санітарка.

— У міліцыю яго! Куды ж яшчэ? — адказала акушэрка.

— Шкада! — спачувальна выдыхнула санітарка.— Зацягаюць яго, пакуль уладкуюць... А яго ж карміць тэрмінова трэба, спавіваць.

— Вазьмі яго сабе, калі так шкадуеш,— кінула параду акушэрка.

— І гэта зусім не проста зрабіць... Зноў жа валакіта, а па-другое, патрэбны грудзі малочныя, пасляродавыя, а я дзяўчына.

— А што, калі...

Абедзве, і акушэрка, і санітарка, былі маладымі, як кажуць, адарвігаловамі, яны і вырашылі:

— Хто ў нас на падыходзе?

— Анюта. Жывуць з мужам даволі заможна, у згодзе і ладзе, калі што — і блізнят выхаваюць.

І дзве змоўшчыцы, карыстаючыся тым, што Анюта падчас радзін была ў гарачцы і нічога не памятала, раскруцілі пялёнкі і паклалі побач з яе немаўлём падкінутае немаўля. Раскруцілі, паклалі — і ахнулі: падкінутае дзіця было негрыцяняткам. Чорнае, як галавешка на снезе! Што рабіць? Зноў закруціць і ў міліцыю? Падкінуць Анютцы? А муж? Ён жа, барані Бог, заб’е жонку!

Думалі, думалі і вырашылі...

Раніцай дзве шаляніцы дакладвалі галоўнаму ўрачу пра незвычайныя радзіны:

— Разумееце, адзін беленькі, а другі чорненькі! Абодва хлопчыкі!

— Адкуль чорненькі? — насцярожыўся ўрач.

— Як адкуль? — не збянтэжыліся манюкі.— Адтуль, адкуль і беленькі.

— А што цяпер рабіць? Як віншаваць парадзіху? А што тлумачыць яе мужу? — разгубіўся галоўны ўрач.— У маёй практыцы такое ўпершыню...

Санітарка, як ёй падалося, знайшла выйсце:

— А ў яе муж — трактарыст!

— Ну і што, што трактарыст? — здзівіўся ўрач.— Ён што, негр?

— Не! — чырванее санітарка.— Але ж ён увесь час у мазуце ды нігроле... А слова «нігрол» сугучнае з словам «негр»... Чым не прычына?

— Калі другой няма, дык і гэта прычына,— згаджаецца галоўны ўрач і кіруецца да парадзіхі.

— Віншуем вас, Анюта, з блізнятамі! З хлопчыкамі!

Анюта шчасліва ўсплакнула:

— А дзе яны? Хоць бы хутчэй зірнуць ды да грудзей прытуліць.

— Зараз, даражэнькая! — супакойвае ўрач.— Але ў вас яны, як бы гэта дакладна сказаць, крыху рознакаляровыя... беленькі і чорненькі...

— Адкуль чорненькі? — страпянулася парадзіха і збялела.

— Прабачце... адтуль, адкуль і беленькі,— тлумачыць урач.

— Не разумею,— разгубілася бедная Анюта.

— Шчыра кажучы, і я не разумею,— падтрымаў яе ўрач.

Анюта няўпэўнена сказала:

— Усё роўна нясіце іх сюды, карміць пара...

Калі прынеслі так званых блізнят, маладая маці зноў збялела:

— Гэта ж негрык! Адкуль? Я за сваё жыццё ў вочы не бачыла негра! Што я скажу Сцяпану, свайму мужу?

— Гэта не негр! — супярэчыць ёй урач.— Ваш муж працуе трактарыстам... А дзе трактар, там нігролы ды мазуты... Трэба было яму чысцей мыцца...

— Неверагодна! — яшчэ больш жахнулася Анюта.— Вы яму гэта самі, як галоўны ўрач, растлумачце, бо я баюся...

Сцяпан натурыўся, як наравісты конь:

— Пры чым тут нігрол ды мой трактар?!

Галоўны ўрач насядаў:

— Вы ж падумайце самі: у нашым раёне неграмі нават не пахне! Ды ваша жонка неграў толькі ў кіно і бачыла! Ваша гэта дзіця! Ваша! Як дзве кроплі вады да вас падобнае!

— Яно-то, Анюта ад вяселля ўвесь час на маіх вачах была,— няўпэўнена вагаўся збянтэжаны Сцяпан,— але ж вяскоўцы запоруць пальцамі...

— Плюньце на іх! — рашуча раіць урач.— Націскайце на нігрол! Дарэчы, трэба вам цяпер чысцей мыцца — гэта ж не апошнія вашы дзеці. Дзякуйце Богу, што хлопчык зусім чорненькі, а каб быў у плямы, як той далмацінец! Што тады?

Забраў Сцяпан жонку з «блізнятамі» з радзільнага дома і пачаў прывыкаць да дзіцячай рознакаляровасці пад сваім дахам.

Але той начны вахцёр, які першы знайшоў падкідыша, не ведаў пра дурны жарт акушэркі з санітаркай, ён быў упэўнены, што маладая сям’я свядома прыняла чужынцу, таму неўзабаве ў раённай газеце з’явіўся вялікі артыкул пад загалоўкам: «Добрыя людзі прытулілі падкінутае дзіця!», у якім узносілі да нябёс добрасардэчнасць маладой сям’і — Сцяпана і Анюты. А ў канцы артыкула вялікімі чырвонымі літарамі палымнеў заклік: «Пралетарыі ўсіх краін — яднайцеся!»

— Адразу б так і сказалі! — горача згаджаўся Сцяпан.— Навошта ж было прыплятаць сюды мой трактар?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.