epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ды будзе так!

Ўсё меней

Сэрца радуе сусветнасць,

І ў памяці —

Былога блякне сінь.

І толькі ўсё хутчэй

Імчыць у вечнасць

Жыцця майго,

Знікаючага плынь.

 

Мой час мінулы

Ледзь ахопіць вока,

Час, поўны светлай радасці, тугі.

О як адзін

Ад аднаго далёка,

Сучаснага й былога

Берагі.

 

А будучыні бераг,

Ён нябачны.

Такі ж нябачны,

Як імклівы час.

Ніхто сказаць не можа

Адназначна —

Далёка ён

Ці хутка прыме нас.

 

Ў юнацтве мы

Неўтаймавана марым —

Ды што нам час!

Ды што жыцця абшар!

Мы ў маладосці

Часам уладарым,

А ў старасці —

Ён лёсаў уладар.

 

Ды будзе так!

Нібы святой іконцы,

Памолімся жыццю,

Што ў нас было...

Так ад усходу

Да заходу сонца

Усё жывое

Радуе святло.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.