epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ды ну іх да д’ябла!

Што трэба зрабіць

На жыццёвым вяку?

Дзіця нарадзіць,

Пасадзіць, кажуць, дрэва,

Дом зладзіць,

Схадзіць патаемна «налева»,

Прышпорыць Пегаса

На поўным скаку.

 

Дабро неабходна рабіць

Для людзей,

Духоўным быць,

Не мацюкацца,

Не красці,

Прыкідвацца,

Быццам жывецца у шчасці,

І гэтае шчасце

Нам дорыць хакей.

 

Часцей неабходна

Прамочваць свой рот,

Піць чарку штодзённую,

Грэць пупавіну.

Адолець цыстэрну,

Хаця б палавіну

Пад хмельныя песні

Пра шумны чарот.

 

Не, дзеці — абуза,

Яны не па мне.

Кватэра ў мяне, дом не трэба.

А дрэва?

О! Лепш замест дрэва

Я скокну налева.

Пегаса аднойчы

Прысніў я у сне,

І мулка было

На яго мне спіне.

 

Дабро для людзей я рабіў

І не раз

Не краў,

Ды галодны па свеце бадзяўся,

«Мерсікаў», «пардоніў» і не мацюкаўся.

І што?

Толькі кпіны я чуў у адказ.

 

Ды ну іх да д’ябла,

Хто вучыць мяне,

Хто мне пра дзяцей

Ды пра дрэвы гародзіць.

А вось пра цыстэрну

Падумаць не шкодзіць,

Ну хоць пра палову —

Чаму бы і не!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.