epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дыхаецца вольна

Я іду па полі,

Бачу зёлкі, краскі.

Вабіць наваколле

Краявідам з казкі.

 

Ветру тут разгульна,

Думкам тут раздольна

Сонейку — утульна,

Дыхаецца вольна.

 

У душы тут крылы,

Мроіцца ў ахвоту.

Тут запасяць сілы

Мары для узлёту.

 

Тут жыве патрэба

Чуць душой удзячнай,

Гледзячы у неба,

Як спявае срэбна

Жаўручок нябачны.

 

І як бусел круціць

Кола у блакіце —

Светлыя пачуцці

Нараджае жыцце.

 

Лес, я чую, кліча,

Да яго я крочу.

Штосьці таямніча

Расказаць ён хоча.

 

О, як тут прыгожа!

О, як тут прыемна!

Разгадаць мне, можа,

Лес і дапаможа

Свет яго таемны.

 

Нехта неўспадзеўна

Плача ці гукае.

Лесавік, напэўна,

Недзе тут блукае.

 

А-а, дык гэта ж дрэва

Скрыпнула аб дрэва.

Тут такіх нямала

Будзе неўспадзевак.

 

Вунь, мурашнік-горка,

Дзятла перастукі.

Побач вунь з вавёркай

Сойка тараторка —

Пахі, гукі, гукі.

 

Дзякуй табе, поле,

Дзякуй, лесу мілы.

Еду я ў няволю,

Ў горад апастылы.

 

Будзь тут хоць заможны,

Будзь тут хоць багаты,

Сэрца тут стрыножана,

Для душы тут краты.

 

Апроч чаду, тлуму,

Хто мяне тут прыме.

Думаю я думу

Аб «малой радзіме».

 

Аб бацькоўскай хаце,

Што мяне чакае.

Аб зямельцы-маці,

Што мяне гукае.

 

Ад яе ніколі

Я душой не збочу...

_______

 

Я іду па полі,

Я да лесу крочу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.