epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дылема

Вось дапішу апошні том — дзесяты...

Апошні ці чарговы?

Невядома.

І з мар, куды натхненнем

быў узняты,

Спушчуся на зямлю —

агорне стома.

 

Ці ж выбар мой —

апошні том? Чарговы?

Я — пасяродку гэтых слоў

Ці дзе я?

Апошні —

Гэта крыж датэрміновы,

Чарговы —

Ратавальная надзея.

 

Ад году ў год,

ад верша да паэмы,

Ад тома і да тома час віруе.

Ніколі мне не вырашыць дылемы —

Апошні ці чарговы

Дзень жыву я?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.