epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Джэнтльмен

У самога ў дзюбе

ні крупінкі

Й аніякай іншае яды.

І жывот, па сытасці памінкі

Дружна справіў

раз і назаўжды.

 

Раптам ён,

разгрэбваючы смецце,

Зернейка знайшоў —

як дзіўны сон.

Хтосьці быў бы

найшчаслівы ў свеце

І адразу б з’еў яго.

 

А ён

Азірнуўся —

Дзе яго паненкі?

І затым —

пяшчотным галаском

Кінуў кліч

прызыўны, джэнтльменскі,

Ўсім курам вядомае — ко-ко-о!

 

Да яго,

Узрушаныя куры

Збегліся,

Як дзеці на бліны.

Ля яго,

узнёслае фігуры

Адчувалі

ўпэўнена яны.

 

Так зрабіў

не кожны б з нас, напэўна,

Выхаваны —

з горам напалам.

Джэнтльменству

павучыцца ў пеўня

Не пашкодзіць,

джэнтльменам нам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.