epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзіцятка ў пясочніцы

Зара на шчочках,

Іскаркі у вочках,

Дарослая

Руплівасць у гульні...

Дзіцятка з шуфлікам

штось ладзіць у пясочку.

Ты — промнік светлы

ў нашай мітусні.

 

Зірнуць табе б

у будучыню з сёння,

А з будучыні —

ў гэты светлы дзень

Заўважыць ты змагло б,

як лёсу промні

Святлом адорваюць

і утвараюць цень.

 

З пясочніцы твой шлях —

у казку мараў,

У быль станоўчых

і ліхіх падзей.

А колькі будзе

сонечнасці й хмараў,

Здзяйсненняў

І няздзейсненых надзей.

 

Шлях па жыцці

цікавы і суровы

Па ім —

Уперад толькі, не назад.

Лёс будзе

чорна-белы і ружовы

І ад цябе

залежыць будзе шмат.

 

Шлях па жыцці —

выпрабаванняў школа,

Па ім ты мусіш

да канца прайсці.

Ты у маленстве —

пад крылом анёла,

Будзь пад аховай Бога

У жыцці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.