epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзеліць роўна

Сусед багаты,

Плакса Юзя,

Да беднага праз плот

Звярнуўся:

— Я смерці забаяўся

Дужа,

Бо з ёй ніхто

Не размінуўся.

 

Маё жыццё —

Як сыр у масле,

Я, як цяля,

Што ссе трох матак.

Нібы каню

Авёс у яслі,

Мне сыпаў Бог пад нос

Дастатак.

 

Маё адзенне ўсё —

З іголкі,

Я сыты —

Што зімой, што летам.

Хоць слых пускаюць

Балаболкі, —

Не з мазаля

Ў мяне ўсё гэта.

 

Таму скажы, сусед,

(Між намі) —

Жыццё, як мёд,

Ды хутка тае,

Бо смерць ужо —

Не за гарамі,

Яна на пяткі

Наступае.

 

Тут не адкупішся

Й за грошы,

Ёй чхаць

І на замоваў сілу.

Мой і дастатак,

І раскошу

Мяняць балюча

На магілу.

 

Каму багацце

Я пакіну?

Яго ж у клунак

Не завяжаш,

Не забярэш

У дамавіну...

Што ты, суседзе,

Мне адкажаш?

 

І адказаў сусед

Суседу:

— Развязваў вузел я

І горшы,

Я заўтра

У сталіцу еду,

Давай мне ўсе,

Што маеш грошы.

 

Смерць —

Надакучлівая пані,

Ды клін яе

Мы выб’ем клінам,

І хітрасцю

Яе падманем, —

Здзівіўся Плакса:

— Якім чынам?

 

— Ёсць, Юзя,

У мяне ідэя:

Ў царкве скажу

Пра твае мошчы

І закажу там

Па табе я

Абедню,

Быццам ты — нябожчык

 

І будзеш ты

Лічыцца ў Бога,

Хоць пры жыцці,

Але памерлым.

І да сканалага

Такога

Смерць нос не суне,

Гэна сцерва.

 

Жыві сабе,

Хоць год, хоць дзесяць,

Ці хоць на сто гадоў

Нацэлься.

Заказваць буду

Кожны месяц

Абедню па табе —

Кашэлься!

 

І плоціць Плакса,

Плоціць, плоціць,

Затое

Ў бессмяротнасць цэліць.

А бедны?

Ў бедных больш

Не ходзіць...

А кажуць —

Бог не роўна дзеліць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.