epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзень — ноч

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
42
43


1

Я — з запытам да Бога:

— Што творыш зпадцішка?

Больш дужы есь слабога,

Багаты — бедняка.

 

2

Знямоглы — без надзеі,

Сумленным — голь і жуць.

Затое прахіндзеі

І стрыжаных стрыгуць.

 

3

Я Бога — хваць за грудзі:

— Няўжо не чуеш плач?

Ці ж твае дзеці, людзі,

Ўсе роўныя?

Пабач!

 

4

Ты хто? Грахоў нашчадак?

Заеўся ў вышыні?

Хутчэй наводзь парадак

У кожным лёсе, дні.

 

5

Бог усміхнуўся сумна

І выдыхнуў з-за хмар:

— Калі такі разумны,

Вось німб табе.

Ўладар!

 

*

6

Я — Бог!

Вяршыцель лёсаў!

Знай, чалавечы род —

Ўладыка я нябёсаў,

Ўладыка сушы, вод.

 

7

Я — над усім сусветам,

Вы — пада мною ніц.

Я — ў свеце тым і гэтым,

З зародка да грабніц.

 

8

Стагоддзяў смерч вірлівы

Знявечыў лёсаў шмат.

Я ж — самы справядлівы,

Ўсё адкручу назад.

 

9

Здрапежаных — адноўлю,

Забітых — ажыўлю.

І зло абезгалоўлю

Й дабра новабудоўлю

Прываблю на зямлю.

 

*

10

— З чаго ж пачаць?

Пытанне...

Я разважаю ўслых.—

Найперш пачну вяртанне

Забітых да жывых.

 

11

Я раптам нос павесіў —

Што за праява?

Што?!

Тут аднаго ўваскрэсіў,

А там забілі сто.

 

12

Са мной мой жах застылы —

Адкуль такое зло?

Там — сто падняў з магілы,

Тут — безліч палягло.

 

13

Я бедных у багатых

Ператварыў за раз.

Ў палацах, а не ў хатах

Жывуць яны ўвесь час.

 

14

Шыкоўнае адзенне,

Напоі і яда.

Але сыйшло сумленне

Як праз пясок вада.

 

15

На іх ад трубаў медных

Зажэрнасці пячаць.

Як самі колісь, бедных,

Ўзлюбілі прыгнятаць.

 

16

Шчаслівых наствараў я —

Мо час пакут міне?

Але і тут бясслаўе

Падсцерагло мяне.

 

17

І тут — адны напасці,

І тут — няўдаўся цуд.

Для многіх грошы — шчасце,

Нажыва, гулі, блуд.

 

18

Я — хуценька да Бога.

— Вось німб святы. Вазьмі!

Бо не стварыў нічога

Я добрага з людзьмі.

 

19

Я нават ім надзею

Не падарыў — хоць плач.

Чаму?

Не разумею.

О Божа! Растлумач.

 

20

Адказ быў невясёлы:

— Ёсць Д’ябал, сын начы,

Ён палкі ткне у колы,

Ён шкодзіць, хоць крычы.

 

21

Як сонечнай вясною,

На небе хмара й гром,

Так Д’ябал — паміж мною,

Між мною і дабром.

 

*

22

Я разважаў, пры гэтым:

— Ёсць і над Богам моц...

Дык вось чаму над светам

Спрадвек — то дзень, то ноч.

 

23

Я святасць рву з карэннем,

І зноў імкнуся ў бой.

Да Д’ябла я з прашэннем:

— Дазволь пабыць табой!

 

24

Я нечакана, здуру

Аддаў яму душу.

— Што ж, лезь у маю скуру! —

Мне Д’ябл сказаў.— Прашу!

 

25

З усіх характарыстык

Я выбраць гэту змог.

І я цяпер — нячысцік,

Цяпер я — анты Бог.

 

*

26

Вунь, чалавек сумленны

Сабраўся штось купляць.

А я шапнуў імгненна:

— Нашто купляць?

Украдзь!

 

27

Ёсць іншая нажыва,—

Шапчу, каб мог ён чуць,

— Ты на судзе ілжыва

За грошы сведкам будзь...

 

28

Юнак з сваёй дзяўчынай

Вянок кахання ўе.

Яму я: — будзь мужчынам,

Не баўся, згвалць яе.

 

29

І крадуць,

Гвалцяць,

«Сведчаць»,

І твараць жах і жуць,

Бо Д’яблы ў душы шэпчаць

І ў колы палкі ткнуць.

 

30

Мы хрысцімся, як грымне

Над кожным з нас бяда.

Да Д’ябла я:

— Вярні мне

Душу маю, брыда!

 

31

Ў адказ пачуў я рогат

І здзекі — у адказ:

— Табе такая тога

З рагамі — самы раз.

 

32

Як кажуць, супраць лома

Нішто не возьме верх?..

Лёг Д’ябал нерухома —

Я на душу свядома

Прыняў і гэты грэх.

 

*

33

І зноў я перад Богам

У выглядзе сваім.

Я — грэшнік, я — нябога,

Вяду размову з ім.

 

34

— Ў чым ісціна? — пытаю,

Хоць холад па спіне,

— З якога яна краю?

Ці ёсць яна?

Ці не?

 

35

Я, Ойца наш, пра тое —

Штó ёсць — дабро і зло?

Я сеяў штось святое,

Ды мала што ўзышло.

 

36

Я Д’ябла укакошыў,

Каб зніклі жуць і голь,

Як зло, знішчаў я грошы,

Я нішчыў алкаголь.

 

37

Я рос, змагаўся, кленчыў,

Рабіў усё, што мог,

А зла ў жыцці не зменшыў

Й дабру не дапамог.

 

38

Жыву дарэмна, можа?

Штó ўсім з жыцця майго?

Ты растлумач мне, Божа,

Мы, людзі, для чаго?

 

*

39

Хто жыць не хоча — гіне,—

Адчуў я слоў цяпло.—

У кожным з вас, мой сыне,

 

40

Дабро — заўжды святое,

Зло — цемрыць на вяку.

Перамагае тое,

Хто з вас на іх баку.

 

42

Каб з лёсаў золак шэры

Задумак злосных збег,

Дапамагае вера —

Святога абярэг.

 

43

Зграшыў, мой сын, пакайся!

Ты чуў, што кажа люд:

— На бога спадзявайся,

Ды сам не лезь у бруд.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.