epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства —

Святкуй, літаратурны свет!

Для душ духоўных — набажэнства,

Для бездухоўных душ — фуршэт.

 

Людзей, людзей! На тое й святы,

Каб шэрасць будняў забяліць.

У кожнага настрой прыўзняты —

Ёсць чым цікаўнасць наталіць.

 

Кнігарні, кірмашы, буфеты,

І песні, й танцаў карагод.

Тут — і святочныя газеты,

І дух даўно мінулых год.

 

А вось — на сцэне выступоўцы

З раёну, вобласці й вышэй.

І дораць прывітання слоўцы —

Мёд для душы і для вушэй.

 

Чыноўнікі людзей вітаюць,

Уладныя гаваруны,

Хоць кніг ні пішуць, ні чытаюць,

Ды тут — галоўныя яны.

 

Пісьменства — свята!

Адназначна!

І нездарма шматлюдна тут...

А дзе ж пісьменнікі? Не бачна!

А-а — вунь! Адсунутыя ў кут.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.