epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзень выдаўся цудоўны

Дзень выдаўся цудоўны,

Як кажуць, на ўсе сто.

Ды пырснуў дождж раптоўна,

Хоць не чакаў ніхто.

 

Сцямнела наваколле,

Каціўся гром здаля,

Загойдаў вецер голле,

Як маці немаўля.

 

А хмары, як навала,

Як грывы вараных,

Зязюля адкувала,

Маўчыць — няма дурных.

 

Храбрыцца вецер, пнецца:

— Ратуйся, хто жывы!

Трава ажно кладзецца,

Каб быць «ніжэй травы».

 

Крывых маланак джалы,

Ярчэй усіх свяціл,

Як вострыя кінжалы,

Крамсалі небасхіл.

 

Хоць бура пагражала,

Ды, як не раз было —

Грымотай папужала

І ўсё назвод сышло.

 

Зязюля балбатліва

Маніла зноў пра ўсіх.

А вецер сарамліва

Вільнуў хвастом і сціх.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.