epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзіўны час

Усё, усё, усё міне

І час абвесціць — досыць!

Палохае не ўзрост мяне,

А ўсё, што ён прыносіць.

 

А старасць наша — дзіўны час,

Час якасцяў каштоўных,

Каб толькі не штурхаў ад нас

У вечнасць родных, кроўных.

 

Каб сесці ўсе гуртком маглі,

Старэнькія «грыбочкі»,

І гаману распачалі

Душэўна, вочы ў вочы.

 

Каб за ўспамінам успамін

Гучаў і грэў, і цешыў,

Каб не сядзець, як я адзін,

Цяпер — апошні, меншы.

 

Ёсць, сэрцу блізкія майму

І родным, словы, дзеі.

Каму іх выказаць? Каму?

Мяне хтó зразумее?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.