epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзіва для жывых

Я помнік для сябе зрабіў,

За ўласны кошт ён, рукатворны —

Адно з непрадказальных дзіў,

Мой надмагільны камень чорны.

 

Ён дзіва для жывых таму,

Што сам пакуль яшчэ жыву я.

Навошта гэта мне, чаму

Са смерцю гэтак я жартую?

 

Не, сёння не да жартаў мне,

Я думаю пра дзень наступны.

А чорны дзень той не міне,

Для кроўна родных, дзень атрутны.

 

Каб ім аблегчыць груз бяды,

Зрабіў я помнік — хай праз сілу,

Каб ім гатовае тады

Паставіць на маю магілу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.