epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзівос з дзівосаў

Трахім, мужчына сярэдніх гадоў, лічыў сябе чалавекам сучасным, не пазбаўленым інтэлекту і фантазіі. Ён, хоць і быў вяскоўцам, але адчуваў сябе на «ты» з камп’юратам і не блудзіў у інтэрнэтпрасторы.

І тым не менш, пастаянна скардзіўся сваім суседзям і знаёмым:

— Што гэта за жыццё? Усё вакол звычайнае, натуральнае, не раз чутае і бачанае. Хоць бы які-небудзь цуд, хоць бы нейкі дзівос ці неверагодшчына. Адна ўцеха — разгарну перад сном кніжку казак і душой суперажываю з яе героямі, вяртаюся ў маленства.

Можна нават праводзіць своеасаблівы тэст на выяўленне людзей з жывой душой: чытае сталы чалавек казкі, значыцца душа ў яго жывая. Не чытае — лепш абысці такога за вярсту. Дзяцей правяраць не трэба — ва ўсіх дзяцей душы светлыя і жывыя.

Вяскоўцы слухалі Трахіма і не з усім згаджаліся:

— Ну, не чытаю я казак! Дык што, бегчы ад мяне?

— Бегчы не трэба,— уздыхнуў Трахім.— А пашкадаваць не пашкодзіць, бо тваё маленства ў табе памерла. Старасць не рызыкуе падступацца да таго чалавека, у душы якога працягваюць гучаць галасы маленства... Вось толькі дзівосаў у сучасным жыцці ўсё менш і менш, а без іх галасы дзяцінства ў душы пачынаюць цішэць.

Аднойчы Трахім убачыў ноччу сон (а, магчыма, і не сон), быццам ля яго ложка сеў анёл і спытаўся: «Дык ты сапраўды хочаш дзівос з дзівосаў?»

— Хачу! — ускочыў з ложка Трахім і прачнуўся.

Ішоў час, але ніякіх дзівосаў не адбывалася і Трахім забыўся на сваё начное бачанне.

Наязджаючы калі-нікалі ў Мінск, ён купляў там розныя прысмакі, якія не заўсёды бываюць у вясковай краме. На гэты раз кінуліся яму ў вочы сваёй спелай прываблівасцю персікі, якія, на жаль, у Беларусі не растуць і якія ён вельмі любіў.

Пахадзіўшы па Мінску, ды трасучыся ў аўтобусе па дарозе дамоў, Трахім прагаладаўся, таму ўзяў самы спелы персік і з асалодай пачаў аб’ядаць вакол костачкі сакаўную мяккасць. Персік падаўся настолькі смачным, што Трахім паклаў у рот костачку і абсмактваў яе, як цукерку.

Раптам адбылася нечаканая неверагоднасць. Ці аўтобус моцна страсянула на нейкай яме, а разам з ім і Трахіма, ці Трахімаў голад паспрыяў гэтай неверагоднасці — але вялізную костачку ад персіка ён палыкнуў.

«Ды не можа такога быць! — спалохана падумаў Трахім,— костка праз горла не пралезе!»

Ён крутнуў языком па ўсім роце — пуста! Памацаў пальцам і за верхнімі, і за ніжнімі зубамі — косткі няма!

— Во ўліп! — застагнаў ён.— Трэба будзе бегчы на аперацыйны стол.

Але дома жонка супакоіла яго:

— Дарэмна хвалюешся! Выйдзе твая костачка і без дапамогі дактароў.

Трахім папрасіў жонку:

— Ты толькі нікому ў вёсцы не кажы пра гэта — засмяюць. Скажуць — вось захацеў дзівосаў — паспявай толькі глытаць!

І зажыў Трахім далей, не ведаючы дакладна, дзе ж тая костка. Ён цешыў сябе думкай: «А, магчыма, я і не глытаў яе, а не заўважыў, як яна выслізнула з роту на падлогу аўтобуса і ляжыць там роўненька...»

Але ж нездарма кажуць: «Хто да чаго імкнецца, той на сваё і натыкнецца».

Не хапала ўвесь час Трахіму дзівоса, ён яго дачакаўся. І не проста нейкага там цуда, а сапраўднага дзівоса з дзівосаў.

Заказытала раптоўна яму ў вушах. Ды тык, што кінуўся ён у раённую бальніцу — праміком у кабінет «вуха-горла-нос».

Пасвяціў доктар лямпаў у Трахімавы вушы і адскочыў з крыкам:

— Святы Гіпакрат! Што ж гэта такое?

Цяпер ужо ускочыў спалоханы Трахім:

— Што там, доктар?! Павукі завяліся?

— Якія павукі? У вас з вушэй прарастаюць парасткі персікавага дрэва! Я адразу пазнаў іх, бо скончыў сельскагаспадарчую Акадэмію.

Трахім успрыняў словы доктара, як здзек, і нават недалікатна агрызнуўся:

— Добра, што вы не скончылі Акадэмію жывёлагадоўлі, інакш у маіх вушах вы знайшлі б свінаматак з парасятамі.

Бразнуў дзвярмі і рашуча пашыбаваў дамоў.

Дома папрасіў жонку:

— Глянь ты ў мае вушы. Што там такое?

Жонка зазірнула мужу ў вушы і пляснула далонямі:

— Трахімка! У цябе з вушэй нейкія дубцы вытыркаюцца! Матухна родная, вунь ужо і лісточкі распускацца пачалі!

Трахім зароў не сваім голасам:

— Костачка!

— Якая костачка? — здзівілася жонка.

Трахім падскочыў да люстэрка.

— Костачка ад персіка, якую я колісь праглынуў! Яна ўва мне! Яна прарасла!

Трахім успомніў свой сон і анёла, які спытаўся: «Хочаш дзівос з дзівосаў?»

— Што я нарабіў?! — зноў закрычаў ён.— дадзівосіўся! Жыў бы, як усе людзі, сярод натуральнага і звычайнага, дык не — падавай мне цуды!

Вестка пра здарэнне з Трахімам маланкай абляцела вёску. Хто спачуваў яму, а хто і пад’ялдыкваў: «Ну што, жывая душа, начытаўся казак?» Былі і такія, хто шчыра захапляліся:

— Гэта дзіва дык дзіва! Пэўна, адно на ўвесь свет!

А дрэўца, між тым, расло не па днях, а па гадзінах. Хутка яно з двух бакоў Трахімавай галавы разгалінілася, зазелянела і зацвіло прыгожымі кветачкамі. Калі ж на ім закрасаваліся спелыя персікі, дзеці не адыходзілі ад Трахіма.

— Дзядзечка, дайце персік!

Тады Трахім нахіляўся голлем да дзяцей і прапаноўваў:

— Бярыце, частуйцеся, дзеткі, але зрывайце персікі асцярожна, не цягайце мне вушы.

Усё было б яшчэ нічога, але даведаліся пра незвычайшчыну розныя карэспандэнты, ад якіх не было адбою ні ноччу, ні днём.

Калі ж Трахіма, як чалавека-дрэва, уключылі ў кнігу рэкордаў Гінэса, прыехала ў вёску высокае начальства і распарадзілася тэрмінова пабудаваць для хадзячага дзівосу спецыяльную аранжарэю з неабходным тэмпературным рэжымам, каб Трахім мог зімой, у маразы жыць там, не марозячы далікатнае паўднёвае дрэва.

Трахім пачаў прывыкаць да свайго незвычайнага ладу жыцця. Адно толькі засмучала яго: праціскаючыся праз дзверы у хату ці з хаты, спелыя персікі адрываліся і пляскаліся аб падлогу, губляючы свой выгляд, і якасць. Таму Трахім з нецярпеннем чакаў пабудовы аранжэрэі.

Яшчэ было вельмі складана ўкласціся спаць. Ложак давялося паставіць пасярод хаты і засынаць у паўляжачым стане.

І вось адной такой ноччу яму зноў прысніўся (а, можа, і не прысніўся, а быў на самай справе) той самы анёл, які асцярожна, каб не паламаць галінкі дрэва, сеў ля Трахімава ложка і спытаўся:

— Ці такі ты дзівос хацеў?

— Не! — ускочыў Трахім і прачнуўся.

Была раніца. Незвычайная лёгкасць адчувалася ва ўсім целе.

Трахім — мац, мац! — за вушы і не паверыў сваім рукам, якія не намацалі ніякага голля.

Ён падскочыў да люстэрка і закрычаў:

— Жонка, сюды!

Забегла перапалоханая жонка і спыталася:

— Што? Што здарылася?

— Ты ж глянь на мае вушы!

Жончын спалох змяніўся здзіўленнем:

— Ну, вушы як вушы...

— А, костачка! А персікавае дрэва! — гарачыўся Трахім.— Яно ж расло ў мяне з вушэй! Гэта ж быў дзівос з дзівосаў! Куды ён дзеўся?

— Даражэнькі! — усміхнулася жонка.— Ты начытаўся нанач казак. Такія дзівосы бываюць толькі ў казках, у жыцці іх няма.

Трахім не здаваўся:

— А вось жа на стале персікі ў талерцы! Адкуль яны? З майго дрэва!

Жонка зноў усміхнулася:

— Ты ж ездзіў у Мінск, і купіў іх там. Забыўся ці што?

Трахім зірнуў у акно і выбег на двор. За ім на двор выйшла і жонка.

— Глянь! — закрычаў Трахім.— Вось жа на нашым двары аранжарэя. Адкуль яна?

— І праўда...— разгубілася жонка.— мы ж яе не будавалі, і навошта... Але пры чым тут твае вушы да аранжарэі?

Трахім заскочыў у аранжарэю і аслупянеў ад нечаканасці — тут расло цудоўнае персікавае дрэва, голле якога гнулася ад важкіх, ружовабокіх персікаў.

За сваёй спінай ён пачуў усхваляваны жончын голас:

— Во-о-ой! Які дзівос! Сапраўдны дзівос з дзівосаў!

Трахім самазадаволена адгукнуўся:

— А ты казала, што я начытаўся казак...

Затым ён не ўтрымаўся, сарваў самы спелы персік і з апетытам пачаў абгрызаць яго.

Жонка паспела толькі крыкнуць «Асцярожна!», як Трахім закашляўся да слёз, папярхнуўся і нечакана праглынуў вялізную персікаву костачку.

Цікава, што ж будзе далей?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.