epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзівосаў выток

Ад першых дзён свядомага жыцця

І да сівога сёлетняга года,

Гучыць у сэрцы: — Я тваё дзіця!

Твая часцінка, Матухна-Прырода!

 

Мае, жыццём раскіданыя дні,

Табой скандэнсаваны ў лёс адзіны.

І сёння як аддзяка дабрыні —

Ў святой зямліцы лёсу карані,

Ў бяздонні неба лёсу вершавіны.

 

З чаго ўсё пачыналася й калі?..

Дзівосаў тых выток і сёння сніцца,

Якаясь сіла вабіла ў палі,

Ў лясы вяла якаясь таямніца.

 

Ў блакітным небе аблачын радкі

Рукой нябачнай хтосьці піша зграбна,

А мне — чатыры ўсяго гадкі,

Мне ўсё цікава, родна і прывабна.

 

Прырода — мой шчаслівы абярэг,

Шчаслівая мая й цяжкая доля.

Тады, малым, я падсвядома бег

У шчырыя абдымкі наваколля.

 

Я мог ляжаць гадзіны на спіне,

Глядзець у сіні акіян бяздонны,

О, як было прыемна бачыць мне,

Што й неба на мяне глядзіць ўлюбёна.

 

Пяшчоціў сэрца летам і зімой

Прыроды покліч — І я бег на ўдачу,

Бо забываўся і на голад мой,

І на пасляваенную нястачу.

 

Напеў гаёў, палёў жытнёвых пах,

З дубамі таямнічымі сустрэчы,

І сум бароў, і вецер — вольны птах

Узбагачалі сціплы свет малечы.

 

Узбагачаўся ён ад навізны —

Дарункаў шчодрых Матухны-Прыроды.

Уражанні дзіцячыя — яны

Яскравыя, жывыя назаўсёды.

 

* * *

Сталее ўсё — зямля, лясы, дамы,

Лугі, дубы — асілкі-хмарачосы,

І неяк неўпрыкмет сталеем мы,

Закручаныя завірухай лёсаў.

 

Падзеі неўгамонныя гулі

Штогод, штодзень — то стрымна, то наскокам.

О колькі папятляў я па зямлі

І па замежжы блізкім і далёкім.

 

За акіянам, паміж марных спраў,

Мне марылася ў настальгічнай скрусе —

Я б з патрахом Амерыку аддаў

За вёсачку маю на Беларусі.

 

Не знойдзеш больш пакутлівых пакут,

Быць хоць часова, на чужбіне горкай.

Усюды і заўжды Лагойскі кут

Быў для вяртання пуцяводнай зоркай.

 

* * *

Цяжар гадоў мне на душу ўзлез,

І хоць узросту я не вельмі рады,

Зноў тая ж сіла кліча мяне ў лес,

Зноў таямніча вабяць далягляды.

 

Хвалюе тая ж казачнасць бароў,

Напоўненая таямнічай мовай,

І я іду ў абдымкі да сяброў

З душой малечай, чатырохгадовай.

 

Вось і дубы — сыны вякоў сівых,

Іх бачылі, напэўна, й продкаў продкі.

А вунь бярозы — памятаю іх,

Яны — мае сяброўкі-аднагодкі.

 

Я бачу ўсіх, нікога не міну,

Я на сяброўства гэтае малюся,

Прылашчу елку, абдыму сасну,

Да згорбленага клёна прытулюся.

 

Каля таполі моўчкі пастаю,

Вы ўсе — майму жыццю ўзнагарода.

Маленькую часцінку аддаю

Любові той, што дорыць мне Прырода.

 

* * *

Я памятаю як даўным-даўно

Прывёз у Мінск сваю старую маму,

Яна ўслых здзівілася:

— Сынок!

Што ж ты прывёз мяне ў гэту яму?

 

Вязі мяне хутчэй адсюль назад!

— Дык гэта ж Мінск! — заўважыў я шматзначна.

— А дзе ж тут неба? Дзе ж тут далягляд?

Дзе сонца ўсход? Нічога тут нябачна!..

 

Мяне здзівілі словы мамы? Не!

І я б пабег ад гарадскога чаду.

У горадзе так не хапае й мне

І сонейка, і неба, й далягляду.

 

Мяне здзівілі словы мамы? Не!

Тут шум і тлум, а мне жывецца вяла,

Тут шмат людзей, ды адзінока мне,

Тут ёсць сябры, ды шчырасці ў іх мала,

 

Тут паміж мною і жыццём сцяна.

І я бягу любой парою года,

Імчу туды, дзе царствуе яна —

Яе Вялікасць, Матухна-Прырода.

 

Я ў сэрцы да яе любоў нашу,

Бясцэнным скарбам, а не абавязкам,

Я саступлю дарогу мурашу,

Я пакланюся матылькам і краскам.

 

Нястомных верабейчыкаў бузу

Заўсёды бласлаўлю ўсмешкай шчырай,

А ўвосень не змагу стрымаць слязу,

Бо з плачам адлятаюць птушкі ў вырай.

 

О, мой абшар! Сябры з усіх бакоў!

Люблю цябе да слёз, мой краю родны!

Так, я — дзівак, напэўна, з дзівакоў,

Так — я сентыментальны й старамодны.

 

Хоць падышоў я да сваёй мяжы,

Хоць надыходзіць час мой развітальны,

Не замутніўся у маёй душы

Дзівосаў тых выток невычарпальны.

2015


2015

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.