epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дзве вады

У Лагойску два вытокі ёсць

Крынічнае вады,

Якія выцякаюць

З двух звычайных труб бурліва.

Ля іх — людзей натоўпы,

Кожны Божы дзень — гады.

Спытацца хтосьці можа тут:

Якое ў гэтым дзіва?

 

А дзіва ў тым — ля аднаго

Ў чарзе стаяць жанчыны,

А ля другога — узахлёб

П’юць мужыкі ваду.

Чаму ж так падзяліліся

Жанчыны і мужчыны —

Вялікая інтрыга,

Ды разгадку ёй знайду.

 

Загадка ці разгадка,

А такая вось імпрэза —

Жанкі п’юць мяккую ваду,

Без шчалачэй, штодзень.

А ў той вадзе, што п’юць мужчыны,

Вельмі шмат жалеза,

І гэта для мужчынскай сілы

Лепей, чым жэньшэнь.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.