А вось і рэчкі плынь
паружавела зранку,
Прыйшоў на бераг я,
Бо вольны быў ад спраў.
Для ўдачы, на чарвей
я плюнуў у бляшанку,
Закінуў вуду і —
ні дыхаў, ні міргаў.
Даў паплавок нырца —
Ура! Клюе з разгону!
І сэрца — ёк ды ёк,
нібыта паплавок.
Я лёску тузануў —
тут «не страляй варону»,
І рыбка — ў руцэ,
гарыць, як вугалёк.
Ды рыбка не прастая!
Ды рыбка залатая!
Ці ж можна пажадаць
штось лепшае ў жыцці.
І голасам людскім
яна ў мяне пытае:
— Што хочаш ты?
Зраблю!
Ты толькі адпусці!
Я голас чуў яе —
ледзь-ледзь праз хваляванне,
Нібыта ён гучаў
з мульцяшнага кіно:
— Я выканаю ўсё!
Любое пажаданне!
Любое пажаданне,
але ўсяго адно.
Хоц прапанова рыбкі
мяне і ўсхвалявала,
Успыхнуў я душой,
але адразу згас.
Прыкінуў я...
Адно?..
Не, гэтага мне мала,
Мне трэба, каб служыў
мне хтосьці доўгі час.
Я запярэчыў:
— Не!
Мне трэба значна болей!
Жаданняў у мяне,
хоць пруд прудзі, даруй.
Я згодзен адпусціць
цябе, малёк, на волю,
Ты мне ўзамен —
бутэльку з Джынам ахвяруй.
Ён зробіцца рабом
усіх маіх капрызаў,
Маіх непрадказанняў
і фантастычных мар.
Ён мне пакажа свет
без аніякіх візаў,
Ўсё зробіць для мяне,
бо я яго ўладар.
І рыбка — у адказ:
— Я ў ход пусціла чары,
Я споўніла тваё
жаданне, бачыць Бог.
Бывай, шчасліўчык, ты —
ўладар ажыўшай мары,
Бутэлька ўжо ляжыць
на беразе ля ног.
Схапіў бутэльку я,
цяпер на ўсё я здольны,
Адкаркаваў хутчэй —
слуга мой Джын, вылазь!
А ў ёй звычайны «джын» —
напітак алкагольны,
Прымаў які усмак
я з «тонікам» не раз.
Прызнацца, як кульну
я «джыну» пад завязку,
Такія глюкі бачу,
што сам мне чорт слугой,
Што пазайздросціў бы,
напэўна, Джын той з казкі
Й стары Хатабыч знаны
з бабаю Ягой.
А што ж цяпер рабіць
з бутэлькаю праклятай?
Не выкідаць жа вон
як кажуць, першы блін.
Кульну яе з гарла —
хоць гэта будзе святам.
О глюкі!
Вы са мной!
Цяпер і сам я Джын.