epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Эх, плынь...

Эх, плынь жыцця — віры, каменне, мелі,

То сонечнасць, то бачнасць на нулі...

Няма людзей, якія б разумелі,

Няма вушэй, якія б чуць маглі.

 

І калі раптам бура, навальніца,

Усёю моцай рынецца з нябёс,

Няма тых душаў, на каго маліцца,

Хто б захацеў зрэагаваць на «sos».

 

Што б ні было — падзей, праблем аблога,

Нязменна, кожны дзень, сам ля руля,

Сам сабе лоцман, сам сабе падмога —

Ўсё плынь і плынь, і раптам: стоп — зямля.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.