epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Эксперымент

Я зрабіў эксперымент,

Як у казцы, што чытаў —

Каб разбіць сумненні ўшчэнт,

У люстэрка запытаў:

 

— О, люстэрка на сцяне!

Ты з маленства тут — не госць,

Раскажы ўсё пра мяне,

Усю праўду, ўсё, як ёсць!

 

І люстэрка — у адказ:

— Бачу я не першы раз

Прыгажосць тваю, прывабнасць,

І падцягнутасць, і зграбнасць.

 

Але знешнасць — хуткі май,

Ты духоўны — цераз край.

Працаздольны, пладавіты,

Як ніхто, таленавіты.

 

Ты ва ўсім, заўсёды — новы,

Словам — геній прыжыццёвы,

Помнік будзе залаты

Па табе — такі вось ты!

 

Я задзёр да столі нос,

Але нос абвяў уніз —

Каляндар ад пылу строс,

Ліст перавярнуў — і скіс.

 

Пад гарачы сэрца стук

Словы сплюнуў з языка:

— Гэта ж сёння дзень манюк —

Першага красавіка...


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.