epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Эмігранты

Як зразумець, як ацаніць,

У чым і дзе шукаць прычыну?

Што вас прымусіла змяніць

Сваю Радзіму на чужбіну?

 

Сваю Радзіму? Божа мой!

Шукаеце вы ветра ў полі.

Радзіма-маці вам сваёй

Відаць, што не была ніколі.

 

Кулём ляцяць ва ўсе бакі,

Хто выйшаў, хто не выйшаў «рылам» —

Дзялкі, паэты, спевакі,

Каго зямля тут ускарміла.

 

Хто тут ні сеяў, ні араў,

А браў, што можна і няможна —

І абсмактаў, і абабраў,

І знік, каб там дажыць заможна.

 

Вы кожны ля чужых сталоў

Непаўнацэннасцю адметны.

Туды — з білетам, а дамоў

І рады быў — ды безбілетны.

 

І не вярнуць ні вас, ні час,

І вінаватыя вы самі.

О, як жа я шкадую вас,

Авечак, што жывуць з ваўкамі,

 

Няхай вам будзе Бог суддзя,

У ім шукайце справядлівасць.

А я... скажу вам шчыра я —

Вы выклікаеце гадлівасць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.