epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Эва... рэва... люцыя

Ад вынаходніцтваў сваіх

свет неаднойчы здрыганецца.

С.Д.

 

Тупік, да болю ўсім знаёмы,

Пытанне ёсць, а дзе адказ:

Хто мы такія?

Ад каго мы?

Хто ў доўгі шлях адправіў нас?

 

Хоць Дарвін абгрунтоўваў складна

Сваю тэорыю — і ўсё ж,

Хто здольны адказаць дакладна —

Мы не ад малпы?

Ад каго ж?

 

Які ён, той жыцця зародак?

З вады ён ці касмічны госць?

Так, ён загадкавы, наш продак,

А мы — рэальныя.

Мы — ёсць!

 

Мы крочым хутка і свядома,

І свет мяняем — на вачах.

Адно дакладна нам вядома —

Наш шлях — эвалюцыйны шлях.

 

Ён быў эвалюцыйна-роўны,

Няспешна, мудра ўзрошчваў нас,

Бо й плод не выспее раптоўна,

А паступова, у свой час.

 

Ды час эвалюцыйны збочыў,

Рэвалюцыйны ўзяў разбег.

Ўсё болей доўжыліся ночы,

Ўсё меней заўважаўся грэх.

 

Жыццё мянялася стыхійна,

Рэха падзей гуло над ім.

Гвалтоўна, неэвалюцыйна

Хто быў нікім — рабіўся ўсім.

 

Духоўнасць нішчылі актыўна,

Над годнасцю чыніўся здзек.

І неяк штучна, дырэктыўна

Ствараўся «новы» чалавек.

 

«Чырвоны» чалавек, не «белы» —

Усіх крывавы дождж мачыў.

І час, як плод той недаспелы,

Недасканаласцю гарчыў...

 

Мы крочым хутка, мыслім нова,

Па лозунгу — у кожны дом.

І вось ужо перабудова

Усё варочае ўверх дном.

 

На доўгім языку прывычна

Імчаць да велічных падзей.

Хаця ламаўся анархічна

Лёс і Радзімы, і людзей.

 

Час індывідумазнішчальны

І ён — стваральнік шэрых мас.

Ад рэвалюцый разбуральных,

Здаецца, й сам стаміўся час.

 

*

Рэвалюцыйны час шалёны

Над эвалюцыяй, як крыж.

І вось ужо не людзі — клоны,

Рука — камп’ютарная мыш.

 

Ужо не людзі — цень каменны,

На спінах скрыўленых — гарбы.

Мутантавыя манекены,

Самаахвярныя рабы.

 

Рабы глабальнай павуціны,

Аблытаўшай увесь сусвет.

Тчэ павуцінне ён адзіны,

Павук драпежны — інтэрнэт.

 

Павук, які наўрад ці згіне,

А смокча, губіць душы, час.

Штогод у гэта павуцінне

Ублытваецца болей нас.

 

І ўжо бязмежны і бяздонны

Магутны інтэрнэт-абшар,

Урад стварае электронны,

Тамы даследванняў, буквар.

 

І мамаў, татаў электронных

Праз дзень-другі прыпаднясе.

А колькасць душ адушаўлёных

Раздушаўляе пакрысе.

 

І інтэрнэт усе жаданні

Сплёў-пераплёў адным вузлом —

І віртуальнае каханне,

І кодаў ядзерных узлом.

 

І сэкс, і «мухі», і «катлеты»,

І ўвесь парнаграфічны жуд,

І ўсе інтымныя сакрэты,

І ўвесь антыдухоўны бруд.

 

Спраўляе баль усепланетны

Павук дасціпны — «дабрадзей».

І ў гэтым сметніку сусветным

Маленства губіцца дзяцей.

 

Яны — анёлавыя душы,

Яны — даверлівасць сама,

Улезлі ў інтэрнэт па вушы,

І выхаду з яго няма.

 

«Стралялак» скрытная драпежнасць,

Гвалтоўнасць віртуальных драм,

Як ад наркотыкаў залежнасць,

Утрымлівае душы там.

 

Не адпускае павуціна,

Палоніць інтэрнэт-прастор.

І ўжо дзіцяці ўсё адзіна —

Што дзень, што ноч, што манітор.

 

І высвятляецца страшэннасць —

Рыхтуе дзецям інтэрнэт

Замкнёнасць душаў,

ведаў дрэннасць,

Духоўную непаўнацэннасць,

Агрэсію, хвароб букет.

 

_________

 

З’еў бутэрброд, затым адрыжка,

Ці ж варта ганьбіць бутэрброд?

Адмоўнае — як дзёгцю лыжка,

Станоўчае — у бочцы мёд.

 

Станоўчых справаў больш у свеце,

Чым марных спраў, інакш — тупік.

Станоўчае — і ў інтэрнэце,

Ён сёння — дасягненняў пік.

 

Так, з намі інтэрнэт навечна,

Бо без яго мы — слепакі.

Карысны ён для нас?

Бясспрэчна!

Але ж у палкі — два бакі.

 

*

Мінула Беларусь развалы

На павароце, на крутым.

Мы не спявалі гімн няўдалы:

«Усё разбурым, а затым...»

 

Кранула й нас перабудова —

Тупік, няўпэўненасць і страх.

Але нязменна, паступова

Шукала Беларусь свой шлях.

 

Ішла, як роўная між роўных,

Без рэвалюцый — бачыць свет.

Ішла спакойна і грунтоўна

У новы дзень, да новых мэт.

 

А інтэрнэт — ён верхаводзіць

Ў галовах, душах, нават снах.

Ён не адну бяду народзіць

І не адзін утворыць жах.

 

Ён — спраўны рабаўнік нашчадкаў,

Ён разбурае кволы мір,

Ён — на чале ўсіх беспарадкаў,

Ён — рэвалюцый правадыр.

 

Ён, як казёл, душы гароды

Перакапыціць, папсуе.

Ён свет вядзе — ды не да згоды,

А ў пасткі брудныя свае.

 

І без яго — свет неспакойны,

Бразг зброі непакоіць слых.

Адновіць ён у свеце войны

«Халодныя» — й не толькі іх...

 

Прабач мне, электронна-новы,

Тэхнічна-дзіўны, супервек.

Я — ад зямлі, як ёсць — вясковы,

Крыху адсталы чалавек.

 

Мяне судзіць?

Лепш апраўдайце!

Не падымайце гвалт і крык,

Бо, як сказаў даўно Кандраце1

Між вас я — сапраўды мужык.

2009

1 Кандрат Крапіва


2009

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.