epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Факультэты

Прыйшоўшы ў свет недасканалы гэты,

Недасканалы сам і непісьменны,

Амаль усе я скончыў факультэты

Свайго жыцця, набыўшы скарб бясцэнны.

 

Я вывучаў маленства залатое,

Я грыз навуку — спасцігаў юнацтва.

У сталасці заўжды шукаў героя,

З якім ва ўсім я марыў параўнацца.

 

Давалася ўсё весела, з імпэтам —

Знаёмствы, прэзентацыі, здзяйсненні,

Тварыў з вясеннім, летнім факультэтам,

Не мала спраў адолена з асеннім.

 

Жыццё ўсё кліча й кліча: — Калі ласка!

Ды ўсё далей, далей світанак ранні.

Апошні факультэт даецца цяжка,

Ён крэсліць і жыццё, і намаганні.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.