epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Філасофія жыцця

Філасофія жыцця —

Зачарованая багна,

Шлях адвечны адкрыцця,

Да цябе цягнуўся прагна.

 

Лез у існасць белых плям,

Таямніц выламваў дзверы —

І жыцця ружовы храм

Набываў адбітак шэры.

 

Праўда — горкая. Яна

Выядае многім вочы.

І ліслівая мана

Зноў з уладай побач крочыць.

 

Дабрыня — усё танней,

Жорсткасць — вокладка штодзёння,

Бедны — з кожным днём бядней,

Злодзей — норма міжзаконня.

 

Чалавек — пылінка, нуль,

Старасць — у нагах ануча.

Хто мы? Для каго? Адкуль?

Мы не ведаем. Зноў — нуль.

Крыўдна, сорамна, балюча.

 

У жыццё ідзе дзіця —

У ружовы храм без стуку...

Філасофія жыцця —

Вельмі жорсткая навука.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.