epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Hа каго спадзявацца?

Ha каго спадзявацца?

Цень стаіць ля парога,

Ад яго не схавацца,

Абаронцаў — нікога!

 

Ні рукі, ані слова,

Аніякай падтрымкі,

Быццам мне выпадкова

Цень рыхтуе абдымкі.

 

Быццам мне толькі дрэнна

У сляпым безгалоссі...

Помню вас паіменна,

Адраджэнцы ў двухкоссі.

 

Хто з вас здольны азвацца?

Ад каго мне падмога?

На каго спадзявацца?..

На сябе і на Бога.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.