epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гады-пуды

Як нас хвалюе Новы год!

Нібыта мы памаладзеем.

Нібыта...

Не — наадварот,

Гады-пуды, не дабрадзеі.

 

І госці, і гаспадары,

Ў зубах трымаюць тост адзіны:

За год мінулы!

За Стары!

Пад охі, ахі, успаміны.

 

Шмат парабілі розных спраў,

Магчыма — мала,

можа, й лішку.

Год штосьці даў,

кагось забраў,

Не абмінуў і дзёгцю лыжку.

 

Гадзіннік б’е дванаццаць раз,

І новы тост гучыць прачулы,

Што Новы год адорыць нас,

Чым?..

Лепш, чым год мінулы?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.