epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гаёк ля хаты

Мае бярозы губляюць завушніцы,

Як слёзы, што губляю ў час бяды я.

Зіма мне сніцца,

Ну а ім што сніцца?

Яны яшчэ такія маладыя.

 

Гаёк ля хаты, майму сэрцу мілы,

Я састарэў,

А ты — у самай моцы.

Цябе садзіў, душы укладваў сілу,

Ты — дню насустрач, я насустрач ночы.

 

Я сёння тваім новым вёснам рады,

Са мной, магчыма, заўтра радасць згасне.

Мір вам, мае прыгожыя прысады!

І помніце мяне — дзень учарашні.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.