epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гаючыя крыніцы

— Ты ведаеш усё —

скажы мне, Федзя,

Ды растлумач талкова,

да драбніц,

Ці ёсць яшчэ зямля

такая недзе,

Як наша,

дзе віруе шмат крыніц?

 

Ці нам адным

даў Бог чароўнасць гэту?

Як кажуць,

ашчаслівіў задарма.

— Ды што ты, Зося,

абыдзі паўсвету

Другой такой крынічнасці няма.

 

Крывёй зямлі

завуць невыпадкова

Крынічанькі,

Бруяць яны й зімой...

Я быў малы —

чуў гэта слова ў слова,

Бо Зося — мама,

Федзя ж — тата мой.

 

Я вырас, пасталеў,

бацькоў не стала

І ў нашых успамінаў —

шмат паліц.

Тут, на маёй Лагойшчыне нямала

Ва ўсе часы —

было і ёсць крыніц.

 

Удзячны я крыштальнае

вадзіцы —

Крынічанькам,

з якіх бацькі пілі

Я іх заву —

гаючыя крыніцы,

Не толькі кроў,

але і пульс зямлі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.