epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Галава — дом урада

Жарт

 

Мая галава — дом урада!

Ну як? Дом урада — гучыць?

І звіліны ў ёй, як пасады

Іх многа — не пералічыць.

 

Адну з іх зусім не пашкодзіць

Галоўнай — прэм’ерам назваць,

Бо трэба ж парадак наводзіць,

«Саўмінам» сваім кіраваць.

 

У звіліны кожнай адказнасць,

Нібыта ў міністра — свая.

За іх спецыфічную прагнасць

Найпершым пакутую я.

 

«Саўмін» мой прымае рашэнні,

Скіроўвае дзейнасць маю.

А вынік — пустыя кішэні,

Я ў дзеўках заблытаўся, п’ю.

 

Лянота — мая каралева,

«Саўмін» мой — да скону, мой крыж.

«Міністры» ўлягаюць налева,

Я — следам за імі — туды ж.

 

Ад шкодных рашэнняў, бясплодных,

Прыходзіць жыццё ў заняпад.

О, кожнаму з нас неабходны

Свой розум — разумны урад.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.