epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Галёшы

Няхай мой язык нажыве сабе язву,

Калі зараз брэша, пляце пустаслоўе.

У вёсцы адной, не скажу яе назву,

Жывуць дзед і баба — дай Бог ім здароўя.

 

Аднойчы бабулі і кажа дзед ціха:

— Бяры ты з куфэрка якія ёсць грошы

Ды з’ездзі у Мінск, а то я, як на ліха,

Разуўся раптоўна — дасморгаў галёшы.

 

Галёшы патрэбны: кароўцы даць сена,

Сцягацца за хлеў і да студні даклыпаць,

Прынесці з дрывотні да печы палена.

А як без галёшаў? Вачмі толькі лыпаць.

 

Апошнюю тут адшкадуеш пяцёрку,

Каб выйсці за дзверы, пакінуць запечак.

І баба ўрачыста кладзе ў насацёрку

Сабраныя грошы ды вяжа вузельчык.

 

І вось яна ў Мінску, дзе булкі і крамы,

Дзе кожны вясковец — цяля на вяроўцы.

Бы ў яме старая. Як выбрацца з ямы?

Таўчэцца галодная на Камароўцы.

 

Таўклася, пыталася, доўга шукала,

Апошнія мусіла сілы прыкласці.

Нарэшце галёшы ў ларку напаткала,

Купіла, не верыць у гэткае шчасце.

 

Шчаслівая бабка ідзе па вакзале,

Галёшы з-пад пахаў блішчаць, выглядаюць.

А ёй жа абноўку нічым не звязалі —

Яны замінаюць старой, выпадаюць.

 

Адзін паляціц і другі праз хвіліну,

Злуецца старая — бяда чалавеку.

Рукі не падняць, не паправіць хусціну.

Дзе рады шукаць? І зайшла у аптэку.

 

— Дачушка, ратуй! Во, купіла халеру,

А гэтая гума капрыз вытварае.

Звяжы матузком ці пазыч хоць паперу,—

У вочы заглядвае, просіць старая.

 

Дзявочае сэрца, як цукар, растала

Ад просьбаў бабуліных, скаргаў-матываў.

Яна ў той жа момант галёшы паклала

Ў пустую каробку з-пад прэзерватываў.

 

Шчаслівая бабка схапіла абноўку —

Дзе сілы знайшліся? На вуліцу — птахам.

І голад прапаў, не кляне Камароўку —

Галёшы ў каробцы, каробка пад пахай.

 

І вёска, і дзед ёй прыходзяць на памяць,

І хуткай сустрэчай задыхалі грудзі.

Ды нешта старая нічога не сцяміць,

Чаму не даюць ёй праходу ўсе людзі.

 

Не зробіш і кроку ў жывой гэтай пробцы,

Стаяць, як сцяна, у здзіўленні застылі:

— Скажыце, бабуля, а ў гэтай каробцы...

Куды вы нясеце? Каму вы купілі?

 

— А, гэта? Дык з гэтым дамоў я паеду!

Без гэтага дзед ні дзянёчка не можа.

— А колькі ж гадкоў будзе вашаму дзеду?

— Дзевяты дзясятак, мацуй яго Божа.

 

Здзівіліся ўсе — і мужык, і кабета,

Дзяўчаты і хлопцы, і нават падлеткі.

— Скажыце, бабуля, нашто яму ГЭТА?

— Нашто?! Ён за месяц сасморгае, дзеткі!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.