epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Галоўнае — выгаварыцца

Ці даводзілася вам чуць, як дзве бабы адначасова расказваюць адна адной сваё «набалелае», свае апошнія навіны, не слухаючы адна адну?

Глядзяць адна адной у вочы і так ужо стараюцца, так малоцяць языкамі — дзіва! Паспрабуйце гэтак — не атрымаецца! Заблытаецеся, саб’яцеся, нагаворыце абы-чаго, ды яшчэ, барані Бог, язык зламаеце.

А тут — усё гладка, спрытна, спраўна, на адным дыханні. І што самае дзіўнае — кажуць, яны пасля такой «гутаркі» могуць слова ў слова паўтарыць тое, аб чым гаварыла сяброўка. Талент!

Спачатку заводзіць адна:

— І што гэта ўжо навалілася на мяне ў гэтым годзе? Карова доіцца на адну цыцку, куры перасталі несці яйкі, бо ад іх певень адварочваецца, хацелі завесці маладых, дык кот задушыў куранят, а ў самой — нястраўнасць, вурчыць у жываце, крок ступлю і — «сяду». Так напрысядалася, што...

— Пачакай! — спрабуе ўшчаміць слова сяброўка.— Пастой ты! Перавядзі дух! Ад усяго гэтага наслання трэба ўзяць...

— А я ж табе не ўсё сказала, мая ты суседачка! Жук уссеў на бульбу, як каршун на курыцу, я ж застануся без бульбінкі, я ж — загіну! А парсюк, каб яму трыбухі вывернула, убіўся ў агарод і вывернуў усю...

— Ды аб сцяну ён галавой, твой парсюк! Я ж табе раскажу, якую навіну я пачула ад...

Але тая і вухам не павяла ў бок суседкі і, не ўдыхаючы паветра, працягвала сваё:

— Авечка, воўчае мяса, выкачалася ў гной па самыя вушы, а мне ж трэба пастрыгчы яе — канцом! Палезла сёння ў склеп, а там...

Суседка бачыць, што «эфір» увесь час заняты, а яе ад уласных навін самую распірае — пачала адначасова з сяброўкай «апаражняць» сваю душу:

— А ўчора Амэля (гэта ж не абгавор) брала перада мной ваду ў студні — сагнулася, а пад сукенкай — цьфу! — голая скура! Я ж свайго дурня болей па ваду ніколі не пушчу — саб’юць з панталыку.

А ў Скнаравічах каровы не пайшлі сёння ў поле. Верчына была радоўка, а яна зрання набралася як жаба гразі і павалілася пасярод вуліцы. Ішоў Адась, таксама п’яны як цэп, ды давай паднімаць Верку — качаюцца ў пяску, а сабака, баронячы гаспадыню, адарваў Адасю вуха.

А пенсіі будуць плаціць не грашыма, а халадзільнікамі і тэлевізарамі. Цяпер ламай галаву — куды іх дзяваць!

— А гэна касавокая скула брэша і брэша на мяне — ступай абзывае. А я пайшла ноччу ды закапала дзяркач каля яе хаты! Хваробу — набрахалася! Адвезлі ў лячэбніцу!

— А я дык свайго п’янога валацугу так адмясіла чапялой па скабах, што раніцай не ўстаў на работу — кажа, прастудзіўся недзе, усе косці ломіць. Ты ў мяне яшчэ не гэтак «прастудзішся»!

...І гэтак бесперапынна гадзіны тры «адводзяць душу».

Раптам як па камандзе абедзве «прыпамінаюць», што дома ў іх — мноства тэрміновых, неадкладных спраў, і пачынаюць развітвацца:

— А мая ж ты даражэнькая! Я ж цябе як паслухаю, аж паразумнею, аж на душы лягчэй робіцца!

— А мая ж ты сябровачка! А з кім жа можна так цікава пагутарыць, як не з табой?

— А Зінка ж толькі пустое гаворыць!

— А Манька ж адно дурное пляце!

— А Ніна ж вярзець бязглуздзіцу!

— А Ванда ж — толькі языком малоціць!

— А пра Стэфку і казаць няма чаго — яна ж зусім як бот з левай нагі!

— А мы ж з табой — усё талкова, нікога не абмываем, не абгаворваем!

— А дай Бог табе здароўя, мая суседачка! (А ў душы: «І сапраўды — як тая ступа!»)

— А каб у цябе ў доме ўсё вялося, мая сябровачка! (А ў думках: «Задзяры табе зараз сукенку — у самой голы зад!»)

...Заўтра сяброўкі сустрэнуцца зноў і ў іхную «малатарню», магчыма, трапім і мы з вамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.