epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Галоўнае багацце

Калі дзед Сцяпан адчуў, што надыйшоў яго час пакінуць гэты свет, паклікаў ён свaіx сыноў, каб апошні раз выказаць ім бацькоўскую параду і блаславенне.

— Сыны мае родныя, сыны мае годныя! — звярнуўся стары да дзяцей, якія ўжо паспелі ажаніцца і самі займелі свaіx дзяцей,— У кожнага з вас свая сям’я, свая гаспадарка, таму я, развітваючыся з вамі, заспакойваю сэрца тым, што вы — не зломкі, што жыць і надалей будзеце з любоўю да сваёй зямлі, з Богам у сэрцы.

Вялікага багацця я не нажыў, але ўсё ж сёе-тое маю, таму хачу пакінуць напаследак кожнаму па падарунку. Табе, Mіxacь, як старэйшаму сыну — шасцісоты «Мэрсэдэс», табе, Мікола, як сярэдняму сыну — камп’ютар з ycімі прычындаламі да яго, ну а табе, Алеська, як самаму малодшаму — вось гэту вышываную кашулю. Нічога, што яна не новая, а ношаная мной у маладосці, яна — прыгажосць з прыгажосці! Карыстайцеся, сыны, атрыманай спадчынай з розумам і чыстым сэрцам, і яна прынясе вам карысць і радасць.— і стары ціха адыйшоў у іншы свет.

Пахавалі сыны бацьку і зажылі далей, кожны па-свойму.

Mіxacь, раней працавіты і гаспадарлівы, цяпер не выпускаў з рук «абаранку» «Мэрсэдэса» — гойсаў на ім па патрэбе і без патрэбы, ад ранку да вечара. Мікола таксама адвярнуўся ад гаспадаркі — уткнуў нос у экран камп’ютара і патрапіў у палон розных «стралялак-страшылак». Пакаціліся гаспадаркі двух братоў да заняпаду.

І толькі Алесь працягваў рупіцца і на калгаснай працы, і на ўласнай гаспадарцы.

На саракавы дзень пасля пахавання бацькі, Алесь завітаў да старэйшага брата.

— Mіxacь, сёння ж сорак дзён як памёр наш тата, трэба і на могілкі схадзіць, і людзей сабраць, а галоўнае, можа б ты на «Мэрсэдэсе» звазіў нас з Міколам у царкву заказаць памінальную паніхіду. Тут нейкіх дваццаць кіламетраў — за гадзіну ўправімся. Га?

— А ты б на вышыванку сеў і скокнуў у царкву,— куснуў брата Mіxacь.— А ўвогуле , твае сорак дзён — бабскія забабоны. Каму яны патрэбныя? Ды і заняты я — хаўтура падкруцілася.

Засмучаны Алесь пераступіў парог Міколавай хаты.

— Якія сорак дзён? Якая царква? — ажно ўскіпеў сярэдні брат, не адрываючыся ад камп’ютара,— Глянь, як я заліхвацкі лупянуў першым стрэлам гэтага тэрмінатара! Бачыуў? А вось і гэтаму — кранты! Ха! Ба-бах!

Паехаў Алесь на аўтобусе ў раённы цэнтр, заказаў па бацьку службу ў царкве — і хуценька дамоў, дапамагаць жонцы ладзіць памінальны стол, ды вырашыў, перад тым, як збяруцца вяскоўцы падбегчы на могілкі і запаліць свечку на магіле бацькі.

3 фотакарткі на крыжы, побач з крыжом маці, якая памерла раней, на Алеся глядзеў родны чалавек, які ўсяго сябе аддаваў сям’і, дзецям. І адчуў Алесь сэрцам круглае сіроцтва, і такая туга агарнула яго, што душу апякло агнём нясцерпнага жалю, што захацелася крычаць, не згаджацца з няўмольным законам жыцця і смерці. Алесь, каб не расплакацца, моцна сціснуў рукамі скроні і працягла застагнаў.

Раптам хтосьці асцярожна паклаў яму на плячо руку.

Алесь здрыгануўся і, азірнуўшыся, аслупянеў: перад ім стаяў яго бацька.

— Не пужайся, сынок,— ціхім і ласкавым голасам мовіў ён,— ты сапраўды бачыш мяне, свайго бацьку. Але перад табой не зусім я, а мая душа, якая набыла абрыс чалавека, і якая на працягу сарака дзён пасля смерці, здольная і бачыць, і чуць cвaіx кроўна родных людзей. Вось я нябачна і быў усе гэтыя дні побач з вамі. Таму нябачна, каб даць вам магчымасць паводзіць сябе так, як падкажа вам сэрца і ваша сумленне. Сёння — апошні дзень, калі я маю магчымасць вось так, відавочна зносіцца са свaімі дзецьмі.

Алесь не мог паверыць сваім вачам, сваім вушам. Ён чуў, што нібыта душы пайшоўшых з жыцця нейкім чынам прысутнічаюць сярод жывых людзей, але каб так!..

Ён ледзь павярнуў свой здранцвелы язык:

— Т-тата, я тут адзін... прабач...

— Я усё ведаю, Алеська. Я усё бачыў гэтыя дні і ўсё чуў. Ты, напэўна, пакрыўдзіўся на мяне за вышываную кашулю, але...

— Не, тата, не! — горача ўсклікнуў Алесь,— Я з чыстым сэрцам... Стары перапыніў сына і працягваў:

— Але вышываная кашуля, у адрозненні ад «Мэрсэдэса» і камп’ютара, захоўвае цеплыню і маёй калісьці жывой душы, і, што самае галоўнае, яна адлюстроўвае душу Беларусі. Hacі яе, шануй яе, і ты заўсёды будзеш адчуваць неразрыўную повязь з роднай зямлёй, з людзьмі, сярод якіx жывеш. А гэта — галоўнае багацце ў свеце!

— Дзякуй, тата, я заўсёды буду... Але Алесь запнуўся і змоўк — таты ужо не было. Ён крутнуўся на ўсе бакі — нікога.

«Ах, як шкада, што я не паспеў сказаць яму, што люблю яго, што яго вельмі не хапае,» — абурыўся Алесь.

Дамоў ён вярнуўся задумлівы і прыцішаны. Сядзеў за сталом сярод вяскоўцаў моўчкі, нават з братамі ні словам не абмовіўся пра дзівосную сустрэчу з бацькам.

«А, магчыма, мне гэта толькі падалося»,— думаў ён.

Жыццё не стаіць на месцы, і Алесь зноў уключыўся ў няспынны яго рытм.

У вольны час, у нядзелю, апранаў ён бацькаву вышыванку, садзіўся на лаву ля хаты, браў у рукі гармонік і... і дзівіўся сваёй нечаканай здольнасці — быццам сам гармонік нараджаў няведамыя дагэтуль мілагучныя мелодыі.

Чуючы дзівосную музыку, вакол Алеся пачалі збірацца вяскоўцы і падпяваць у такт мелодый.

Ах, якія нараджаліся песні — надзіва прыгожыя і душэўныя! І ніхто не мог сказаць, чые ж словы, чые вершы кладуцца на Алесеву музыку. Аўтарамі былі ўсе — кожны па слову, кожны па радку, кожны — па часцінцы душы.

І паляцелі гэтыя песні да суседніх вёсак, а ад іx — далей і далей па ўсёй Беларусі. І ўжо не пыталіся людзі, хто ж аўтар песняў, а называлі іx ласкава — народныя песні, бо ў іx, як і ў вышыванцы жыве самабытная душа Беларусі.

А што ж браты? Як жывуць яны сёння? Іхнія дзеці і дзеці дзяцей раз’ехаліся ў розныя канцы зямлі і — хто гойсае на «Мэрсэдэсах», не заўважаючы жыцця, хто — не вылазіць з інтэрнэта, але ёсць і такія, хто захоўвае духоўную спадчыну і памнажае яе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.