epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Галоўнае святло

Мне давялося чуць

настаўніц двух,

Размову іх —

Лепш бы не чуў яе я.

Адчуў — нібы спыніўся

часу рух,

Нібыта ранак назаўжды патух

Й палоніць свет

знішчальная завея.

 

Я з чутага

Не мала ведаў сам,

Не мала бачу,

Чую, успрымаю.

Парадак — радуе,

Засмучвае бедлам,

Бо хата маёй дзейнасці

Не з краю.

 

З падслуханага

Я ўсвядоміць мог:

Гнілое ў глебу

кінута насенне,

Чакалі змену,

а прарос быльнёг,

Што згубленае гэта пакаленне.

 

Што ў вучняў —

зацікаўленасці нуль

Да ведаў тых,

што у духоўнасць рушаць.

І дзівяцца настаўніцы:

— Адкуль

Столькі ў дзяцей

бяздушша й раўнадушша.

 

Што грошы ў іх —

галоўнае ў жыцці,

І што ў сяброўстве

мала ёсць карысці,

Што лёгка ім

ў такі тупік зайсці,

З якога ўжо

не кожны знойдзе выйсце.

 

І горка гэта слухаць мне было —

Няўжо святое

ў людзях памірае?

Бо веды, школа —

першае святло,

І, да таго ж —

галоўнае святло,

Якое шлях жыццёвы асвятляе.

 

Лягчэй плысці

куды нас плынь нясе,

Але ў тупік

заплысці можна гэтак.

Настаўнікі, бацькі і мы усе,

Адказнасць кожны

на сабе нясе

За лепшы час,

за будучыню дзетак.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.