epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ганарыстая рэчка

Цячэ шырока і раздольна

Рака між стромкіх берагоў.

І ёй зайздросціць наваколле,

І плынь яе спявае сольна

Адвечны гімн сівых вякоў

Спявае сольна і не чуе

Уздоўж яе падпеўку тую,

Уздоўж яе на два бакі

Як падпяваюць ёй прытокі,

Як ім утораць ручайкі,

І як сваіх струменняў сінь

Нясуць яны ў рачную плынь.

Калі рака прытокі ўчула,

(А песня ледзьве-ледзь чутна)

Заганарылася яна.

— Ды вы са мной у параўнанні,

Як лес і пень,

Як год і дзень,

Вас не нап’ецца й авадзень.

Я — моц,

Вы — сціплая вадзіца

Мне сорам з вамі тут вадзіцца,

Тым болей, ганьба парадніцца.

Вы — па сабе,

Я — па сабе...

Прытокі ў крыўдзе і журбе

Змянілі свой адвечны ход —

І пацяклі струменні вод

Уздоўж ракі, на два бакі,

Ды не ў раку, а ад ракі,

Ад ганарлівай гаспадыні.

І хутка ад магутнай плыні —

Ні шырыні і ні раздолля.

І назірае наваколле

Праз нечаканасці адчай,

Як ператворана ў ручай

Калісьці слынная рака

З-за ганарыстасці сваёй.

І плача кнігаўка над ёй,

І хмарка волкі сум ліе.

Цяпер пяройдзе праз яе,

Пасля вядомых нам падзей —

І Верабей.

_______

 

Ў тупік нас прывядуць дарогі

Без узаемнай дапамогі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.