epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ганебная хвароба

Сучаснае сяброўства —

без сяброў,

У зносінах —

Бязрадасная радасць,

Ў размовах —

шмат няшчырасці між слоў,

На тварах —

без прычыны нелюбоў,

У поглядах —

затоеная зайздрасць.

 

Хацеў бы я пачуць

адказ ад іх:

Жыццё шчыруе,

а па кім жалоба?

Найперш б’е зайздрасць

вам самім пад дых...

О зайздрасць чорная

і нелюбоў да ўсіх —

Усіх народаў

І часоў хвароба.

 

І ўсё ж вядома,

што здавён-даўна,

Пазбаўлены

Ганебнае хваробы,

Хто ў творчасці,

ў жыцці — велічыня,

Сапраўдныя,

Не штучныя асобы.

 

Сапраўдны сябр —

не мае ён цаны,

Сяброўства з ім —

жыцця узнагарода.

Але — быць вінаватым

Без віны —

Гаркоціна,

Далёкая ад мёда.

 

Я без сяброўства

з пэўнае пары,

Век дажываю

Ў адзіноты процьме.

Я Бога згодны ўзяць

сабе ў сябры,

Ды ён мяне сабе ў сябры

Ці возьме?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.